21 траўня пачынае працу новы культурны праект «Цытуй сваё!». Шэраг інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў заклікаюць беларусаў згадаць найлепшае з беларускай думкі.

У склад аргкамітэта праекта ўвайшлі Міхал Анемпадыстаў (Беларускі саюз дызайнераў), Таццяна Вадалажская (Лятучы ўніверсітэт), Улад Вялічка (Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь»), Максім Жбанкоў (Беларускі Калегіум), Глеб Лабадзенка («Мова Нанова»), Лізавета Неўмяржыцкая (грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!»).

Мэта праекта – актуалізацыя найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўважлівага чытання і асэнсавання прамоўленага і заспяванага.

«Пакуль што ідэі і нават імёны мысляроў фактычна не ўключаныя ў нашае самаразуменне. Між тым яны ёсць спробамі ўгледзецца ў свае мінулае і будучыню, у саміх сябе. Яны складнік самастойнага еўрапейскага мыслення і развіцця», – адзначае Таццяна Вадалажская.

«Ластоўскі і Купала, Акудовіч і Разанаў, Дубянецкая і Вольскі – гэта ўсё беларускае мысленне, ланцужок канцэптаў з мінулага ў будучыню. Яны неабходныя нацыі, каб паразумецца са светам – і крочыць далей, пазбаўляючыся каланіяльнай не-да-свядомасці», – дадае Максім Жбанкоў.

«Цытуй сваё!» прапануе супольныя пошукі найлепшага з беларускага мыслення, народны хіт-парад без ідэйнай цэнзуры і культурных абмежаванняў.»Сваё» тут – не толькі беларускамоўнае.

«Кожная трапна і ёміста выказаная думка – наш супольны нематэрыяльны скарб, цагліна ў тым, што мы сёння называем беларускай культурай, яшчэ не да канца ўсведамляючы яе архітэктуру і вонкавыя межы. Не так важна, на якой мове былі выказаныя тыя думкі, з якіх паўстаў наш Беларускі Дом. Важна тое, ці спрыялі яны яго паўстанню, ці тлумачылі на свойскі лад жыццё і свет белы», – падкрэсліў Міхал Анемпадыстаў.

Штотыдзень працэс калектыўнага складання актуальнай анталогіі айчыннай думкі будуць каментаваць выбітныя асобы беларускай культурнай прасторы. Такім чынам да супольнай працы далучацца не толькі чытачы культурных тэкстаў, але і іх стваральнікі.

Падставовай пляцоўкай «Цытуй сваё!» абраны сайт кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Праект разлічаны на два месяцы. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца ўсе ахвочыя. Каб трапіць у годны фан-клуб айчыннага мыслення, трэба проста даслаць улюбёныя цытаты беларускіх аўтараў на адрас [email protected].

Слухай думкі папярэднікаў! Пагаджайся альбо спрачайся з імі! Цытуй сваё!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?