28 мая ў Смалявічах адбыўся сход па абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будаўніцтва ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» другой узлётна-пасадачнай паласы.

Як паведамляе экалагічнае таварыства «Зялёная сетка», на абмеркаванні прысутнічала больш за 60 чалавек. Быў прэзентаваны асноўны варыянт, які разглядаецца Нацыянальным аэрапортам, «Захаванне вёскі Пяцігодка і садовага таварыства Шэметава».

Аўтары праекта для прадухілення і зніжэння неспрыяльнага ўздзеяння ўзроўню шуму на вёскі прапанавалі зрабіць абмежаванне па ўзлёце / пасадцы на другой паласе для некаторых самалётаў, а таксама ўсталяваць шумаахоўны шасціметровы экран. Акрамя таго, распрацоўнікі пагадзіліся правесці рэканструкцыю жылога фонду ў вёсцы Пяцігодка: рамонт, уцяпленне фасадаў, замену вокнаў, рамонт стрэхаў, г.зн. павышэнне гукаізаляцыі дамоў.

Аднак мясцовыя жыхары не вераць, што гэта дапаможа.

У зону звышнарматыўнага ўздзеяння трапляе не толькі Пяцігодка, а каля 15 населеных пунктаў. Асабліва моцны шум чуецца яшчэ ў Смольніцы й Ганчароўцы, Шэметаве і Пекаліне.

Мясцовыя жыхары хацелі б, каб была ажыццёўленая праграма адсялення і ім далі іншае жытло наўзамен.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0