Офіс Google. Фота з сайта The Verge
Карпарацыя Google стварыла і прафінансавала стартап Sidewalk Labs, паведамляе The New York Times. Яго ўзначаліць Дэніэл Доктараф, былы гендырэктар Bloomberg і былы намеснік мэра Нью-Ёрка.
Кампанія будзе распрацоўваць тэхналогіі для паляпшэння жыцця ў гарадах праз змяншэнне забруджання, эканоміі электраэнергіі, аптымізацыю транспартнай сеткі і змяншэнне кошту жыцця.
Колькі грошай інвеставана ў Sidewalk Labs, не паведамляецца. Але сума можа быць значнай: Google не так даўно інвеставаў у біятэхналагічную кампанію Calico, якая супольна з фармацэўтычнай кампаніяй AbbVie анансавала будаўніцтва даследчага медыцынскага цэнтру за паўмільярда даляраў.
Па словах Доктарафа, праект будзе працаваць «у шырокай нішы між звычайнымі хакерамі і традыцыйнымі тэхналагічнымі гігантамі».