Усе прэтэндэнты на прэзідэнцкае крэсла льюць ваду на млын рэжыму. «Вы льяце ваду на млын таго, хто круціць млын, а потым будзеце абурацца: дыктатар фальсіфікаваў выбары! А чым вы адрозніваецеся ад дзейнага рэжыму, калі свядома падыгрываеце яму?» — задае рытарычнае пытанне лідар Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

— Я да гэтага часу не магу зразумець прэтэндэнтаў-кандыдатаў і ці ёсць у іх грамадзянская пазіцыя. Як кажуць, сумленне альбо ёсць, альбо яго няма. Хто паважае Беларусь, хто паважае беларускіх грамадзян, хто перажывае за палітвязняў, якія сядзяць у турмах, павінны проста зняцца. А хто «не заўважае» таго, што адбываецца вакол і падыгрывае ўладзе, хай застаецца з уладай. Улада намалюе ім 110 тысяч подпісаў — хай гуляюцца ў «выбары».

Вы бачыце, якая апатыя пануе сярод людзей. Не таму што на двары зараз лета — і ўвосень, і ўзімку адбывалася б тое ж самае; перанос кампаніі на месяц раней ніякай ролі не адыграў. Ужо ёсць інфармацыя, што ў інстытутах прымушаюць супрацоўнікаў падпісвацца за Лукашэнку. Сёння вучоны падпішацца з-за страху страціць працу, але як ён прагаласуе ў дзень «выбараў»? А калі ён ўпіша ў бюлетэнь прозвішча Статкевіча, Іванова, Сідарава — колькі такіх бюлетэняў акажацца? Многія людзі не ведаюць, як супрацівіцца гвалту над асобай: я не хачу галасаваць за Лукашэнку, але мяне прымушаюць. Я буду супраціўляцца любымі даступнымі сродкамі. Безумоўна, мы не даведаемся канкрэтных лічбаў па выніках галасавання, але стаўленне людзей да гэтага цырку мы даведаемся.

Калі ты адчуваеш сябе прэзідэнтам, ведаеш, як кіраваць краінай і ведаеш выхад з крызісу — чаго ты так баішся прайграць? Набярэш не 87 і не 98% галасоў, а 51% — на Захадзе сотыя долі вызначаюць прэзідэнта. А калі не набраў — значыць, народ не падтрымаў: ты заслугоўваеш таго, чаго заслугоўваеш.

27 ліпеня мы адзначылі Дзень Незалежнасці, які Лукашэнка адмяніў. Ці адчувае сябе незалежным грамадзянін Беларусі? Ды ён залежны ад усяго сёння. Рана ці позна гэты абсурд скончыцца. Але хацелася б, каб адбылося гэта досыць мірным шляхам. Улада, магчыма, задумваецца над праблемай, але працуе па ранейшым сцэнары.

Да чаго мы прыйдзем? Пакажа толькі час. Але я б сказаў: Рыгоравіч, ідзі на «выбары» адзін — тваё прозвішча самае вядомае, таму што ўсіх астатніх народ наогул не ведае. Завёў краіну ў тупік — выводзь яе! Шчыра прызнайся народу: я завёў эканоміку ў тупік, але я ведаю, як яе вывесці.

— Што параіце прэтэндэнтам ад апазіцыі, якія, нягледзячы ні на што, удзельнічаюць у прэзідэнцкай гонцы?

— Хай прымуць чарку чаю, сядуць перад люстэркам і паглядзяць на сябе. Тады, магчыма, іх мазгі наведае думка: навошта сёння клікаць людзей за сабой, хай нават пад бел-чырвона-белымі сцягамі? Чаму не пайшлі на «выбары» больш годныя? Вы льяце ваду на млын таго, хто круціць млын, а потым будзеце абурацца: дыктатар фальсіфікаваў выбары! А чым вы адрозніваецеся ад дзейнага рэжыму, калі свядома падыгрываеце яму?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?