У Баранавічах, на аўтобусным прыпынку ў мікрараёне Паўднёвы, 30 ліпеня была заўважаная аб'ява: «Куплю жывога шчупака! Тэрмінова!».
Фота Таццяны Некрашэвіч, intex-press.by
«Камусьці дадому жонцы паказаць!», «Можа, чалавек у свой ставок з прэснай вадой вырашыў зубастую запусціць…», «Мышанку зарыбляць сабраліся, напэўна», — пасля публікацыі фатаграфіі аб'явы такія каментары з'явіліся ў Інтэрнэце, карыстальнікі сеціва сталі прапаноўваць свае версіі.
Карэспандэнт «Intex-press» патэлефанаваў па аб'яве і паспрабаваў высветліць, навошта чалавеку патрэбны жывы шчупак. Трубку здымае жанчына. Яна пацвярджае, што рыба павінна быць жывая і яе памеры павінны ўкладвацца ў 30-50 сантыметраў.
— Менавіта патрэбны жывы шчупак! Жывы і ніякі іншы! Такі, каб увайшоў у слоік!.. — нечакана адказвае жанчына, голас якой гучыць усхвалявана і напружана.
Далей дыялог складваўся наступным чынам:
Карэспандэнт: — Навошта ў слоік?
Спадарыня: — Ён нам патрэбны на лекі, мы з яго будзем рабіць лекі.
Карэспандэнт: — Што за лячэнне?
Жанчына (бянтэжыцца): — Не магу сказаць…
Карэспандэнт: — Гэта вядзьмарства?
Жанчына: — Не, што вы! — секунду маўчыць, нібы хоча сказаць праўду, і зноў працягвае: — Не, не магу сказаць, хачу, але не магу, трэба маўчаць! Можа потым калі скажу. Зараз чалавека выратаваць трэба! Пытанне, можна сказаць, жыцця і смерці!
Карэспандэнт: -Як тэрмінова вам патрэбны жывы шчупак?
Спадарыня: — Як дастанеце, так і ўсё — адразу цягніце!
Цану жанчына не прызначыла: маўляў, «за колькі захочаце, за столькі і куплю», падзякавала і паклала трубку.
Інтэрнэт прапануе некалькі версій лячэння шчупаком. Аказваецца, у народзе раяць лячыць шчупаком жаўтуху і курыную слепату. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца шчупак пры лячэнні алкагольнай залежнасці. Для падрыхтоўкі настою патрэбна менавіта жывы шчупак, настоены на гарэлцы. Настой раяць вытрымаць у прахалодным і цёмным месцы 7 сутак. Абяцаецца, што гаючы напой дапаможа пазбавіць чалавека ад п'янства.
Таксама ў народзе ходзіць павер'е, што зубы шчупака носяць пры сабе, каб улетку не пакусалі змеі. Нявесце пад сукенку падвешвалі зубы шчупака — ад псуты.