Расія паўторна падала ў ААН заяўку на пашырэнне межаў кантынентальнага шэльфа ў Арктыцы за кошт далучэння хрыбта Ламаносава і іншых участкаў дна Паўночнага Ледавітага акіяна.

У заяўцы Расіі гаворыцца, што гэтыя ўчасткі дна з'яўляюцца натуральнымі кампанентамі мацерыковай ўскраіны — менавіта на гэтай падставе Канвенцыя па марскім праве дазваляе пашыраць эканамічную зону дзяржаў.

Сцвярджаецца пра прырашчэнне выключнай эканамічнай зоны на 1,2 млн квадратных кіламетраў у Паўночным Ледавітым акіяне, што дазволіць павялічыць даступныя Расіі запасы вуглевадародных рэсурсаў больш як на 5 млрд тон умоўнага паліва.

Расія ўжо падавала аналагічную заяўку ў 2001 годзе, аднак камісія ААН адхіліла яе, заявіўшы аб недастатковасці доказаў.

На падводны хрыбет Ламаносава таксама прэтэндуе Канада.

Паўночны полюс і прылеглы да яго рэгіён Паўночнага Ледавітага акіяна не належаць ні адной краіне, але Канада, Данія, Нарвегія, Расія і ЗША валодаюць правамі на 370-кіламетровую эканамічную зону ля сваіх берагоў.

Паводле ацэнак геолагаў, на гэтай тэрыторыі можа знаходзіцца каля 30% неразведанных запасаў прыроднага газу і 15% нафты.

У сакавіку 2014 года камісія задаволіла прэтэнзіі Расіі на ўчастак у Ахоцкім моры плошчай 52 тысяч кв. км.

У апошнія гады Расія актывізавала ваенную дзейнасць у Арктыцы. Да 2017 года будзе сфармаванае новае арктычнае камандаванне «Поўнач» «для абароны нацыянальных інтарэсаў у Арктыцы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?