Амерыканскія ўлады ўвялі санкцыі супраць некалькіх расійскіх кампаній, дзейнасць якіх, на думку Дзяржаўнага дэпартамента, супярэчыць закону аб нераспаўсюджванні, прынятым у ЗША ў дачыненні да Ірана, Паўночнай Карэі і Сірыі. Як піша Deutsche Welle, пра гэта 2 верасня паведаміла амерыканскае ўрадавае выданне Federal Register.

Шматфункцыянальны знішчальнік МіГ-35

Шматфункцыянальны знішчальнік МіГ-35

Выданне публікуе спіс, у які, акрамя кампаній з Ірана, Кітая, Паўночнай Карэі, ААЭ, Сірыі, Судана і Турцыі, трапілі некалькі расійскіх фірмаў.

Гэта «Конструкторское бюро приборостроения» [«Канструктарскае бюро прыборабудавання»] (Тула), новасібірская кампанія «Катод» — вытворца прыбораў начнога бачання, карпарацыя «НПО машиностроения» [«НВА машынабудавання»], самалётабудаўнічая карпарацыя «МиГ» [«МіГ»] і кампанія «Рособоронэкспорт» [«Росабаронэкспарт»].

З моманту публікацыі дакумента міністэрствам і ведамствам ЗША забаронена заключаць любыя кантракты з кампаніямі з апублікаванага спісу і аказваць ім якую-небудзь матэрыяльную падтрымку. Усе раней заключаныя здзелкі на продаж тавараў і паслуг разрываюцца. Абмежавальныя меры ўводзяцца на два гады, калі толькі тэрмін не будзе зменены рашэннем кіраўніка Дзярждэпартамента.

Закон аб нераспаўсюджванні, які стаў падставай для новых санкцый, быў уведзены ў ЗША ў 2000 годзе ў дачыненні да Ірана. У 2005 годзе да яго была дададзеная Сірыя, а яшчэ праз год — Паўночная Карэя. Сэнс закона заключаецца ў забароне на пастаўкі ў названыя краіны тавараў, паслуг і тэхналогій, якія могуць быць выкарыстаны, у прыватнасці, у вытворчасці зброі масавага знішчэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?