Жанр: драма
Рэжысёр: Эла Архангельская
У ролях: Данііл Співакоўскі, Алена Радзевіч, Міхаіл Гаравы, Дзмітры Нагіеў, Яўген Кулакоў, Ірына Рахманава, Ёла Санько, Дзмітры Праданаў
Расія, 120 хв.
Адзнака: 6

Ліхвяр жэніцца з беднай 16-гадовай дзяўчынай, каб пацешыць сваё самалюбства і пачаць новае жыццё.

Шлюб Ціхай і Невядомага пазбаўлены любові і шчасця. Здавалася б, звычайная бытавая гісторыя, але паміж мужам і жонкай успыхвае сапраўдная псіхалагічная вайна, якая разбурае характары абаіх і прыводзіць да страшных наступстваў. Невядомы ў літаральным сэнсе «заключае» жонку ў клетку, але ў выніку сам аказваецца яе палонным.

Незвычайную экранізацыю аповесці Дастаеўскага «Ціхая» прапануе гледачам расійская рэжысёрка Эла Архангельская. Гэта творчае пераасэнсаванне класічнага сюжэту няроўнага шлюбу ў бясчасавых умоўных дэкарацыях, месцам для якіх стаў Пецярбург. Псіхалагічныя жарсці Дастаеўскага ўзяўся апрацаваць стваральнік мноства сцэнароў, уладальнік залатой галінкі Канскага фестывалю Юрый Арабаў. Ён надзвычай вольна падышоў да сюжэту, увёўшы новага персанажа і выкрасліўшы некаторыя падзеі першакрыніцы. Так, ліхвяр Невядомы ў стужцы цяпер спавядаецца сучаснаму святару, а замест металічнага ложка з’яўляецца клетка.

«Сучаснасць і мінулае мы звязалі ў адзінае цэлае канцэпцыяй бясчасавасці. Нейкія сучасныя дэталі адзення, інтэр’еру арганічна ўпісаліся ў мінулае, а на фоне ў нас можа праехаць і машына, і карэта. Пецярбург — вечны горад, — растлумачыла рэжысёрка Эла Архангельская. — У які б час, у якіх бы дэкарацыях гэтая гісторыя ні разгортвалася, адносіны мужчыны і жанчыны — гэта галоўнае, а ўсё астатняе з’яўляецца толькі фонам».

Аднак надаць гісторыі сапраўдную драматычнасць стваральнікі пасаромеліся.

Яна найбольш падобная на нейкі сюр або сон і адметная некаторымі каларытнымі персанажамі. Гэта не даслоўная экранізацыя класікі, а фактычна аўтарскі праект Арабава, які браў шчыльны ўдзел у здымках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?