Хрысціянскія дэмакраты 14 лістапада ў Мінску праводзяць устаноўчы сход рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Хрысціянска-дэмакратычны рух». 

Рашэнне аб стварэнні грамадскага аб'яднання было прынята на з'ездзе аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў чэрвені 2015 года. Тады адзначалася, што «хрысціянская дэмакратыя ў Беларусі ўжо даўно выйшла за межы палітычнай партыі і стала шырокім грамадскім рухам, які праводзіць у тым ліку шмат непалітычных грамадскіх кампаній». 

«Устаноўчы сход грамадскага аб'яднання планаваўся ўжо даўно, — адзначыла старшыня аргкамітэта па стварэнні аб'яднання Вольга Кавалькова. — Але мы вырашылі выкарыстаць для яго правядзення тыя чатыры месяцы, на якія Еўрасаюз прыпыніў санкцыі ў дачыненні да беларускіх улад». 

Паводле яе слоў, стваранае аб'яднанне ставіць перад сабой непалітычныя мэты. «Хрысціянскія дэмакраты даўно праводзяць кампаніі, якія не з'яўляюцца палітычнымі. Да іх далучаецца шмат людзей, якія не з'яўляюцца актывістамі БХД. Ствараючы арганізацыю, мы ставім перад сабой мэту пашыраць кампаніі сацыяльнай скіраванасці: у падтрымку сем'яў, беларускай мовы, развіцця самакіравання, прававой адукаванасці насельніцтва», — сказала Кавалькова. 

Адзначым, што беларускія хрысціянскія дэмакраты шмат разоў спрабавалі зарэгістраваць сваю арганізацыю як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўні. Так, толькі ўстаноўчыя з'езды партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» праводзіліся пяць разоў. Аднак ва ўсіх выпадках арганізацыя атрымлівала адмовы Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?