Reuters.com

Reuters.com

«Ахоўніка, які выратаваў шмат соцень, калі не тысяч, людзей, уключаючы самога прэзідэнта Францыі, цяпер цалкам ігнаруюць. Называлі толькі яго імя — і тое ўсяго некалькі разоў. Яго завуць Захір, ён мусульманін. Але нікога гэта не хвалюе», — гаворыцца ў звароце, які рэтвітнулі каля 50 тысяч разоў, а ў Facebook перапіс каля 40 тысяч чалавек.

Версія аўтараў гэтай гісторыі абапіраецца на тэкст The Wall Street Journal пра намер тэрарыстаў зладзіць выбух на трыбунах.

Нібыта ахоўнік Захір пабачыў выбуховае прыстасаванне на целе злачынцы, не прапусціў яго на стадыён і загінуў, калі пагнаўся за тэрарыстам.

Калі допіс набраў вялікую папулярнасць у сацсетках, яму пачалі верыць і журналісты. Гісторыю перадрукоўвалі ў Англіі, ЗША, Італіі, Іспаніі, Канадзе, Бельгіі, Партугаліі, а таксама Беларусі.

Але гэта была няпраўда. Па пунктах — што тут не так?

Па-першае, ніякі Захір ці сцюард з іншым імем каля «Стад дэ Франс» не гінуў.

Па-другое, Захір працаваў не ля ўваходу на тэрыторыю «Стад дэ Франс», а ў тунэлі, які падзяляе поле і распранальні. Таму ніякіх выбухаў ён не бачыў.

У тэксце The Wall Street Journal Захір быў не героем, а інфарматарам: распавядаў аб працы сцюардаў, абстаноўцы на стадыёне і версіі пра тое, што выбух прагрымеў, калі тэрарыст хаваўся ад службы бяспекі. Хутчэй за ўсё, менавіта апошняе ўразіла людзей, якія няўважліва прачыталі тэкст у амерыканскай газеце і падрыхтавалі допіс пра героя. «Захір сказаў, што спачатку ён таксама падумаў, што гэта быў не выбух, а проста піратэхніка. Потым па рацыі пачаліся пастаянныя перамовы, ён убачыў, што прэзідэнта Францыі Франсуа Алянда эвакуявалі. Тады ён зразумеў, што гэта былі не петарды», — гаворыцца ў тэксце WSJ.

Праўда, частка віны за стварэнне міфа ляжыць і на адным з журналістаў The Wall Street Journal. Арабскі карэспандэнт газеты Ахмед Аль-Амран падзяліўся спасылкай на тэкст у твітары і напісаў: «Ахоўнік «Стад дэ Франс» па імені Захір не дазволіў прайсці на стадыён тэрарысту з выбуховай прыладай». Запіс сабраў 323 рэтвіты, а аператыўнае абвяржэнне - усяго 14. Пазней Аль-Амран растлумачыў, што напісаў у твітар у спешцы і няправільна прачытаў тэкст.

Па-трэцяе і галоўнае, сцюарды не спынялі ніякіх тэрарыстаў.

Гэта пацвердзіў прэзідэнт аргкамітэта Еўра-2016 Жак Ламбер. «Насуперак інфармацыі, якая разыходзіцца вакол, мы пакуль не ведаем, ці збіраліся і ці спрабавалі трое смяротнікаў прайсці на трыбуны. Сцюарды не паведамлялі аб падазроных людзях без квіткоў ці тых, хто не прайшоў кантроль на ўваходзе».

Усё ж такі ў складаныя часы трэба быць менш даверлівымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?