Былы палітвязень Мікалай Статкевіч наведаў Луанду ў Анголе, дзе праходзіла сустрэча Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу. Некалі Статкевіч узначальваў Сацыял-дэмакратычную партыю ў Беларусі, якая мела ў Сацінтэрнаце дарадчы голас.

«Кіраўніцтва Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу шмат рабіла для майго вызвалення, — дзеліцца Статкевіч. — І рэзалюцыі прымалі, і генеральны сакратар Луіс Аяла, які сам пры Піначэце ў чылійскай турме сядзеў, у Беларусь прыязджаў у 2011 годзе. Мне казалі, што Луіс нават выходзіў на нашага Лукашэнку праз Ільхама Аліева. Таму калі Луіс патэлефанаваў і прапанаваў нам прыехаць, то я мусіў пагадзіцца.

Не абышлося без казуса — з-за маёй кепскай англійскай я недачуў і падумаў, што Рада адбудзецца ў Лондане. А насамрэч — у Луандзе.

Бянтэжыла не колькі адлегласць (суткі лёту), а найбольш звесткі пра краіну. У Анголе 30 гадоў ішла вайна паміж прасавецкімі і празаходнімі групоўкамі. Першыя перамаглі. І ў выніку ў краіне 36 гадоў бяззменны прэзідэнт. Ангола здабывае шмат нафты і алмазаў. Таму займае сярэдняе месца ў свеце па ўзроўні ВУП.

Але пры тым мае першыя месцы па карупцыі і дзіцячай смяротнасці. Сярэдняя працягласць жыцця — 51 год.

Узнікла праблема маральнага характару — з інтэрнэту мы даведаліся, што ў чэрвені ў Луандзе былі арыштаваныя 15 маладых людзей. За тое, што чыталі кнігу пра негвалтоўны супраціў. У лістападзе павінен быў пачацца суд над імі. Дэманстрацыя ў іх абарону была забаронена.

Таму пасля слоў удзячнасці калегам за салідарнасць я мусіў звярнуцца да ўладаў з просьбай аб вызваленні маладых людзей. Рэакцыя на мой выступ прадстаўнікоў улады была вельмі негатыўнай. А прадстаўнікі партый суседніх краінаў потым увесь час падыходзілі і дзякавалі «за праўду».

Адна дэталь — 80% пасажыраў самалёта з Луанды былі кітайскія «рабацягі». Пры тым што ангольцы пакінулі ў мяне ўражанне працавітых і старанных людзей. Як я зразумеў, улады набралі кітайскіх крэдытаў. У выніку краіна мае пазыкі, але не мае працы для сваіх грамадзянаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?