Тэхрэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы колавых транспартных сродкаў», новыя патрабаванні якога набываюць моц у Беларусі 1 студзеня 2016 года, можа прынесці бізнесу больш праблем, чым тэхрэгламент, які датычыцца прадукцыі лёгкай прамысловасці, што выклікаў незадаволенасць прадпрымальнікаў.

Пра гэта заявіў намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Сяргей Варывода 2 снежня на пасяджэнні Рады па развіцці прадпрымальніцтва. 

Дакумент, у прыватнасці, увёў сертыфікацыю ўвезеных з-за межаў ЕАЭС аўтамабіляў. Паводле слоў Варыводы, «нейкія ўмельцы» ўнеслі ў тэкст дакумента дыскрымінацыйную норму, у адпаведнасці з якой заяўнікамі на ацэнку адпаведнасці тыпу транспартнага сродку могуць выступаць толькі рэзідэнты Расійскай Федэрацыі.

«Нацыянальны дылер не мае права прадаваць тавар без гэтай паперкі, але атрымаць яе можа толькі рэзідэнт суседняй краіны. Прашу савет звярнуцца ў Еўразійскую эканамічную камісію і прасіць выдаліць з тэхрэгламенту гэтую частку як супярэчную дагавору аб ЕАЭС, паколькі яна выключае прынцып раўнапраўя суб'ектаў гаспадарання ў нашым саюзе», — сказаў намеснік старшыні БНПА. 

Варывода ўдакладніў, што патрабаванні тэхрэгламенту датычацца не толькі аўтамабіляў, але і запчастак, на якія дылеры таксама з пачатку года павінны будуць мець сертыфікаты адпаведнасці.

«Калі гэтага не будзе, то з 1 студзеня спыніцца ўся сфера тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў», — заявіў ён, удакладніўшы, што цяпер на нацыянальным узроўні падлягаюць сертыфікацыі 12 груп аўтакампанентаў, а з 1 студзеня іх колькасць павялічыцца да 118 пазіцый. Пры гэтым, паводле слоў Варыводы, у Беларусі «няма ці амаль няма» акрэдытаваных лабараторый, у якіх можна правесці неабходныя выпрабаванні. 

Намеснік старшыні БНПА адзначыў, што ўвядзенне норм тэхрэгламенту будзе на руку расійскім дылерам, якія наўпрост прадаюць аўто ў Беларусі, але негатыўна адаб'ецца на айчынным бізнесе. Паводле яго даных, за дзевяць месяцаў з пачатку 2015 года 45% продажаў на рынку новых аўтамабіляў у Беларусі ажыццявілі расійскія дылеры, тады як за аналагічны перыяд мінулага года гэты паказчык не дасягаў 10%.

«Сёлета нацыянальны гандаль недаатрымаў прыкладна 4 трлн. рублёў тавараабароту па гэтай групе тавараў, у гэтай суме толькі ПДК склаў каля 700 млрд., праўда, выплачаных, на жаль, у бюджэт іншай краіны», — сказаў Варывода. 

Ён выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што тэхрэгламенты, якія прымаюцца ў Мытным саюзе, не праходзяць «праз грамадскае сіта экспертнай ацэнкі на нацыянальным узроўні» і, як правіла, бізнес мала што пра іх ведае, пакуль яны не пачынаюць дзейнічаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?