Рассельгаснагляд з 7 снежня ўводзіць забарону на ўвоз на тэрыторыю Расіі прадукцыі пяці беларускіх малочных прадпрыемстваў, паведаміла прэс-служба ведамства.

Санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да ААТ «Мілкавіта»; ААТ «Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат»; ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»; ААТ «Малочная кампанія «Навагрудскія дары»; ААТ «Смаргонскія малочныя прадукты» (філіял Лідскага малочна-кансервавага камбіната). 

Рашэнне прынятае «ў сувязі з непрыняццем дзяржветслужбай Рэспублікі Беларусь належных мер па недапушчэнні паставак у Расію небяспечнай прадукцыі, выпрацаванай на пяці праінспектаваных Рассельгаснаглядам у кастрычніку 2015 года малакаперапрацоўчых прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь». Адпаведны ліст накіраваны ў адрас дзяржветслужбы Беларусі. 

Як раней паведамляў БелаПАН, з 19 па 23 кастрычніка ў Беларусі працавалі спецыялісты Рассельгаснагляда. Сумесна са спецыялістамі мясцовай ветэрынарнай службы яны правялі праверку прадпрыемстваў, якія «раней неаднаразова дапускалі парушэнні ветэрынарнага заканадаўства пры пастаўках прадукцыі». Было праверана дзевяць рыбаперапрацоўчых прадпрыемстваў і шэсць прадпрыемстваў па вытворчасці малочнай прадукцыі. 

Рашэнне аб неабходнасці інспектавання беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў было абгрунтаванае «бескантрольным выкарыстаннем у Беларусі забароненых да ўжывання ў жывёлагадоўлі прэпаратаў, у тым ліку метранідазолу». Пры даследаванні беларускай малочнай прадукцыі, якая паступае ў Расію, Рассельгаснагляд неаднаразова выяўляў «рэшткавую колькасць ветэрынарных прэпаратаў, не дазволеных для ўжывання, ці тых, якія перавышаюць устаноўленыя заканадаўствам ЕАЭС гранічна дапушчальныя іх узроўні». 

Інспекцыя «пацвердзіла незаконнае выкарыстанне беларускімі вытворцамі сыравіны з закрытых Рассельгаснаглядам прадпрыемстваў трэціх краін, пры гэтым беларускімі кампетэнтнымі органамі фактычна не забяспечваўся належны дзяржаўны лабараторны кантроль за сыравінай і вырабленай з яго прадукцыяй». «Гэта з'яўляецца крытычным, паколькі нормы бяспекі харчовай прадукцыі ў ЕАЭС забяспечваюць больш высокі ўзровень бяспекі, чым у многіх краінах свету», — падкрэсліваецца ў паведамленні. 

Па выніках праверкі Рассельгаснагляд заявіў, што лічыць неабходным абмежаваць пастаўкі з 13 беларускіх рыбных і малочных прадпрыемстваў. 

У канцы лістапада Рассельгаснагляд арыштаваў партыі беларускіх сыроў з-за перавышэння ў іх кансервантаў. Рэферэнтны цэнтр Рассельгаснагляда выявіў двухразовае перавышэнне масавай долі кансерванта (натрыю азотнакіслага Е251) у сыры «Тыльзітэр» 45% (ААТ «Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат») і сыры Pesto green з базілікам і часнаком (ААТ «Малочная кампанія «Наваградскія дары»). 

Як паведамлялася раней, 7 снежня Расія ўводзіць спецыяльны фітасанітарны рэжым на ўвоз прадукцыі раслінаводства з Беларусі. У прэс-службе Рассельгаснагляда БелаПАН заявілі, РФ не прапусціць з Беларусі ўсю сумнеўную прадукцыю. «Усё, што выклікае ў нас сумненне, не будзе дапушчана на тэрыторыю Расіі», — сказала прэс-сакратар Рассельгаснагляда Юлія Мялана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?