Фота Сяргея Гудзіліна

Беларускія ўлады чакаюць, што да канца 2016 года курс долара ў краіне можа скласці 19 тысяч 350 рублёў. Паводле інфармацыі БелаПАН, да такой ацэнкі прыйшоў Нацыянальны банк у працэсе вызначэння асноўных кірункаў курсавой палітыкі на наступны год.

Мяркуецца, што курсавая палітыка застанецца гібкай і дынаміка абменнага курсу ў 2016 годзе будзе вызначацца на падставе попыту і прапановы валют на ўнутраным рынку. Згодна з планамі Нацбанка, валютныя таргі на біржы ў наступным годзе будуць працягваць праходзіць у рэжыме бесперапыннага двайнога аўкцыёну. 

У межах курсавой палітыкі рэгулятар мае намер прытрымлівацца мінімізацыі валютных інтэрвенцый. Выходзіць на біржу і прадаваць валюту Нацбанк плануе толькі ў мэтах недапушчэння рэзкіх ваганняў каціровак валют. 

У выпадку перавышэння прапановы замежнай валюты над попытам на яе Нацыянальны банк плануе ў 2016 годзе стрымліваць умацаванне беларускага рубля шляхам куплі замежнай валюты. 

Усе афіцыйныя прагнозныя параметры, якія падрыхтавалі эканамічныя ўлады на наступны год, будуюцца на дапушчэнні, што сярэдняя цана нафты на сусветным рынку складзе ў наступным годзе 50 долараў за бараль, а долар у сярэднім будзе каштаваць у Расіі 63 расійскія рублі. 

Беларускія эканамісты мяркуюць, што пры адносна стабільнай сусветнай цане на нафту значных ваганняў на валютным рынку Беларусі ў наступным годзе не павінна адбывацца. 

«Пры захаванні рыначнага курсаўтварэння, рэалізацыі планаў урада па зніжэнні інфляцыі і сярэдняй цане нафты на ўзроўні 50 долараў за барэль дэвальвацыя будзе нязначнай», — прагназуе эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова. 

На думку аналітыкаў фінансавага рынку, да канца 2016 года долар у краіне можа каштаваць каля 20.000 рублёў, або (з улікам дэнамінацыі, запланаванай на сярэдзіну года) — каля двух беларускіх рублёў. 

Так, напрыклад, старшы аналітык форэкс-брокера «Альпары» Вадзім Ёсуб прагназуе, што кошт кошыка замежных валют, які з'яўляецца аперацыйным арыенцірам курсавой палітыкі Нацбанка, можа вырасці прапарцыянальна інфляцыі. «З улікам гэтага пры нязменнасці крос-курсаў замежных валют курс долара да канца наступнага года складзе 20.000—20.500 рублёў. Калі ўлічым дэнамінацыю, запланаваную на наступны год, гэта азначае, што долар можа каштаваць праз год каля двух беларускіх рублёў», — мяркуе Ёсуб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?