Беларусь можа ўзяць удзел у праграме па рассяленні сірыйскіх бежанцаў, якія цяпер знаходзяцца ў дзяржавах Еўрапейскага саюза. Такое меркаванне выказаў сёння ў Гомелі журналістам прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) у Беларусі Жан Іў Бушардзі.

Паводле яго слоў, у канцы сакавіка бягучага года адбудзецца сустрэча на высокім узроўні, якую арганізуе УВКБ ААН, дзе будуць прысутнічаць прадстаўнікі многіх краін. Адна з мэтаў гэтай сустрэчы — заклікаць урады дзяржаў падзяліць цяжар адказнасці і клопату аб змушаных мігрантах, у першую чаргу аб бежанцах з Сірыі. Беларусь таксама стане адным з удзельнікаў дадзенага мерапрыемства. У час сустрэчы павінны быць прыняты адпаведныя дакументы.

«Магчыма, для вашай краіны будзе распрацаваная новая праграма, якая будзе тычыцца не толькі Гомельскай вобласці, але і ўсёй Беларусі. Гэта можа быць прыём 50, а, можа, 100 чалавек з ліку бежанцаў з Сірыі», — адзначыў ён.

У цяперашні час у Гомельскай вобласці пражываюць некалькі сем'яў бежанцаў з Сірыі, перасяленне якіх было ажыццёўлена пры фінансавай падтрымцы УВКБ ААН і пры цесным узаемадзеянні з беларускімі ўладамі.

«Гэты праект у цэлым можна лічыць паспяховым. Органы ўлады пагадзіліся падзяліць цяжар адказнасці ў аказанні дапамогі сірыйскім бежанцам. Людзі тут пражываюць ужо год. Сёння мы наведаем гэтыя сем'і і паглядзім, наколькі гэтыя людзі эфектыўна інтэгруюцца ў беларускае грамадства, які дасягнуты прагрэс з таго моманту, як яны сюды прыехалі», — адзначыў Жан Іў Бушардзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?