Супраць былога жыхара Салігорска Ігара Шчукі заведзеная крымінальная справа за ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы. 23 лютага па месцы яго прапіскі ў Салігорску прайшоў ператрус, піша ён на сваёй старонцы Укантакце.

«Нічога не сканфіскавалі, але мама ў паніцы», — адзначае ён.

Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае па артыкуле «найміцтва» пакаранне ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Сам Шчука сцвярджае, што непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях ён не браў, а займаўся валанцёрскай дзейнасцю. На яго старонках у сацсетках няма фота са зброяй у баявой абстаноўцы.

У той жа час Шчука браў актыўны ўдзел у вулічнай масоўцы падчас захопу Крыма і Усходняга Данбаса.

Паводле звестак МУС Беларусі, усяго ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны загінула 8 беларусаў.

Публічна паведамлялася пра 4 выпадкі. За Украіну загінуў берасцеец Алесь Чаркашын, яшчэ трое беларусаў загінулі, ваюючы на баку баевікоў. Хто астатнія 4 чалавекі, не агучвалася. Можна меркаваць, што гэта таксама баевікі ДНР і ЛНР.

Усяго праваахоўныя структуры Беларусі выявілі некалькі дзясяткаў падазраваных ва ўдзеле ў баявых дзеяннях ва Украіне. Так, ураджэнец Мастоўскага раёна з пазыўным Мантана пасля вяртання ў Беларусь хваліўся аднавяскоўцам, што ўласнаручна забіў 20 украінцаў! Раней за свае 22 гады беларус меў аж 5 судзімасцяў за крадзяжы. На радзіме Мантана вербаваў у ЛНР аднакласніка, якому абяцаў штомесячны заробак у памеры 300 даляраў, а таксама магчымасць займацца марадзёрствам і забіраць рэчы загінулых.

Яшчэ адзін баявік ЛНР — 38-гадовы ўраджэнец Ваўкавыска з пазыўным Гарыныч. Ён мае пяць судзімасцяў, у тым ліку за забойства. Гэты чалавек, хутчэй за ўсё, наркаман. 

«Цяпер наша мэта абясшкодзіць, заклікаць да адказу баевікоў, якія вяртаюцца з Украіны. Яны не павінны ўжыць свае навыкі ў інтарэсах экстрэмістаў і крыміналітэту, — заявіў прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. — Праблему нельга недаацэньваць. Бо гаворка ідзе пра бяспеку і прэстыж нашай краіны, якая заваявала трывалую рэпутацыю нейтральнай, міралюбнай дзяржавы, стабільнай пляцоўкі для перамоў па ўрэгуляванні лакальнага канфлікту. Усю гэтую грымучую сумесь з разнамасных дэструктыўных элементаў трэба паспець пагасіць», — сказаў супрацоўнік МУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?