У Дзяржстандарце адзначаюць, што пачасціліся факты неадпаведнасці імпартных свяцілень патрабаванням электрамагнітнай сумяшчальнасці. Дзеянне сертыфікатаў адпаведнасці, выдадзеных на свяцільні гандлёвых марак «Нордкліф», EKF, «Ксенон», на тэрыторыі Беларусі спынена, паведаміла прэс-служба камітэта.

Так, з пачатку 2016 года ўжо выдадзена чатыры прадпісанні аб забароне ўвозу і абарачэння на рынку краіны люмінесцэнтных і святлодыёдных свяцілень кітайскай і расійскай вытворчасці па прычыне іх неадпаведнасці патрабаванням электрамагнітнай сумяшчальнасці, устаноўленым у тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза «Электрамагнітная сумяшчальнасць тэхнічных сродкаў» (ТР МС 020/2011).

Праверкі былі праведзены інспекцыяй Дзяржстандарту па Мінскай вобласці і Мінску ў аптовых пастаўшчыкоў: ТАА «Мегатрон М», замежнага УП «Элсві», ПГУП «Ласбелснаб».

Па выніках выпрабаванняў асобных мадэляў свяцілень гандлёвых марак «Нордкліф», EKF, «Ксенон» устаноўлена, што электрамагнітныя перашкоды ад іх перавышалі дапушчальную норму больш чым на 20%. Выкарыстанне такіх свяцілень можа адмоўна адбіцца на функцыянаванні іншага абсталявання, падлучанага да сеткі, пагоршыць якасць працы прыёмных і перадаючых прыладаў, кантрольна-вымяральнай апаратуры, прывесці да збою іх паказанняў, што, у сваю чаргу, стварае рызыкі для жыцця і здароўя спажыўцоў.

Найбольш распаўсюджанай прычынай гэтай неадпаведнасці патрабаванням тэхнічнага рэгламенту інспектары называюць тое, што вытворцы не прадугледжваюць у канструкцыі альбо не забяспечваюць у працэсе вытворчасці наяўнасць у вырабах фільтраў, якія падаўляюць перашкоды. Гэта, з аднаго боку, зніжае канчатковую цану на свяцільні, але з іншага — робіць іх небяспечнымі для спажыўцоў, адзначыла прэс-служба.

Адначасова ў ходзе праверак інспекцыяй Дзяржстандарту па Мінскай вобласці і Мінску былі ўстаноўлены факты неадпаведнасці названых мадэляў свяцілень і патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы нізкавольтнага абсталявання» (ТР МС 004/2011).

У свяцільнях гандлёвых марак EKF, «Ксенон» не забяспечваўся неабходны ўзровень абароны ад уздзеяння электрычнага току. Для ўнутранага мантажу гэтых мадэляў свяцілень выкарыстоўваліся занадта тонкія правады. Матэрыял корпуса (патрона) быў у 2,5 разу меней устойлівы да нагрэву, чым гэта дапускаецца патрабаваннямі. Прымяненне такіх камплектуючых вырабаў і матэрыялаў вядзе да ўзнікнення пажаранебяспечных сітуацый пры перагрузках у сетцы, аварыйных рэжымах і адмовах.

Было таксама ўстаноўлена, што свяцільні «Ксенон» не адпавядаюць патрабаванням бяспекі па стойкасці да ўзгарання і па абароне ад паражэння электрычным токам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?