Беларускi апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў, якi зараз знаходзiцца ў Злучаных Штатах, 31 сакавiка наведаў Дзярждэпартамент ЗША, дзе болей за гадзіну абмяркоўваў эканамічную і палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Паводле слоў Някляева, пазіцыя амерыканскіх чыноўнікаў адрозніваецца ад еўрапейскай: «ЗША сур`ёзна настроены прымусіць Лукашэнку да выканання сваіх умоў, у першую чаргу па правядзенні свабодных і празрыстых парламенцкiх выбараў, якія адбудуцца гэтай восенню».

На думку Някляева, хутчэй за ўсё, менавіта па выніках гэтых выбараў і будзе вырашацца пытанне адмены санкцый у дачыненні да Беларусі: «Мне падалося, што ЗША збіраюцца адмяняць санкцыі толькі ў выпадку, калі Лукашэнка дазволіць правесці справядлівыя выбары», — сказаў Някляеў. Ён мяркуе, што гэта стане ня толькі першым крокам беларускага кiраўнiка насустрач рэформам у краіне, але і шанцам выправіць сітуацыю, закладнікам якой ён стаў, ідучы на повадзе ў Расіі.

«Танальнасць размовы у Дзярждэпартаменце была добразычлівая, я адчуваў зацікаўленасць з іх боку. Думаю, варта чакаць, што ЗША будзе весці актыўную палітыку ў дачыненні да Беларусі і яе дэмакратычнай будучыні», — заявiў Някляеў.

У бліжэйшыя тры тыдні лідэр руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», якi ён стварае, выступіць з лекцыямі ў некалькіх амерыканскіх універсітэтах i сустрэнецца з прадстаўнікамі БАЗА («Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне» — найбуйнейшая i найстарэйшая арганізацыя імігрантаў з Беларусі ў ЗША).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?