Аляксандр Лукашэнка заявіў, што галоўнае для яго — бяспека грамадзян, грамадства, забеспячэнне абараназдольнасці краіны.

На гэтым ён акцэнтаваў увагу ў час наведвання Наземнага комплексу кіравання Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання ў Дзяржынскім раёне.

Беларусь мае намер ісці дарогай інтэграцыі ў сусветную інфармацыйную прастору, развіваючы Нацыянальную сістэму спадарожнікавай сувязі і вяшчання. Адпаведныя задачы паставіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання цэнтра касмічнай сувязі, які ствараецца ў пасёлку Станькава Дзяржынскага раёна.

«У свой час мы пачыналі з аказання паслуг па стварэнні спадарожнікаў для іншых краін. Цяпер мы ў кааперацыі можам стварыць гэтую тэхніку самі, з чыёйсьці дапамогай даставіць у космас (касмадромы нам не патрэбныя). Спадарожнікам мы кіруем, прадукцыю ад яго атрымліваем і прадаем. Усё ў нашых руках», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб праекце па стварэнні Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання, які рэалізуецца ў адпаведнасці з кантрактам паміж кітайскай прамысловай карпарацыяй «Вялікая сцяна» і беларускім заводам дакладнай электрамеханікі. У студзені гэтага года з кітайскага касмадрома быў запушчаны беларускі камунікацыйны спадарожнік «Белінтэрстат-1». Цяпер, адзначыў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў, стаіць задача камерцыялізацыі спадарожніка для атрымання прыбытку ў далейшым. Пры гэтым дадзены перспектыўны праект арыентаваны не толькі на аказанне паслуг у сферы сувязі замежным партнёрам, але і на ўнутраны рынак. Фактычна гаворка ідзе пра якасна новы этап у развіцці сувязі ў Беларусі.

З запускам «Белінтэрстат-1» Беларусь увайшла ў прэстыжны спіс крыху больш за трох дзясяткаў краін, якія маюць спадарожнік ўласнай сістэмы сувязі.

Па словах Сяргея Гурулёва, аптымальнае — мець тры спадарожнікі, якія, знаходзячыся на геастацыянарнай арбіце, будуць пакрываць практычна ўсю тэрыторыю Зямлі. «Калі нам гэта сёння трэба і выгадна, то гэта дзяржаўная справа. Мы і стваралі гэты праект, каб ён акупіўся», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што як і ў іншых галінах, самае галоўнае — прадаць канчатковы прадукт і бачыць рынкі збыту для аказання адпаведных паслуг. «Калі будуць такія напрацоўкі, мы запусцім другі спадарожнік. Мабыць, ён патрэбны для больш надзейнай сувязі, — сказаў Лукашэнка. — Гэты комплекс шматфункцыянальны і вельмі патрэбны для нашай краіны. Мы яго будзем развіваць. Вельмі рады, што для нашай моладзі ёсць такія працоўныя месцы. Гэтаму мы будзем надаваць першарадную ўвагу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?