Тэхналагічны прагрэс уплывае на ўсе сферы жыцця і змяняе ўласцівасці звыклых рэчаў. Апошнім часам навукоўцы выкарыстоўваюць тэрмін «інтэрнэт рэчаў». Гэта канцэпцыя камп'ютарызаванай сеткі рэчаў, якія могуць узаемадзейнічаць адна з адной ці з навакольным асяроддзем. Адным з прыкладаў Internet of Things з’яўляецца так званае «разумнае адзенне».

«Разумнае адзенне» — гэта адзенне (ці аксэсуар), якое можа ўзаемадзейнічаць з навакольным асяроддзем, успрымаць вонкавыя сігналы і змяняць свае ўласцівасці пад уплывам знешніх фактараў.

Самымі першымі «разумнае адзенне» пачалі распрацоўваць навукоўцы з вайсковай галіны.

У 1996 годзе ў Тэхналагічным інстытуце Джорджыі пачалася распрацоўка «разумнай цяльняшкі». Гэты праект ажыццяўляўся пад патранажам ВМС ЗША. Пазней пачалі з’яўляцца камерцыйныя праекты, і да распрацоўкі былі далучаны прадстаўнікі індустрыі моды і вытворцы камп’ютарных кампанентаў. У 2006 годзе стартап Sensatex пачаў камерцыйную вытворчасць «разумных саколак».

Спартыўная індустрыя актыўна карыстаецца «разумным адзеннем». Напрыклад, Нацыянальная футбольная ліга ЗША выкарыстоўвае шаломы з акселерометрам, што дазваляе імгненна атрымліваць інфармацыю, наколькі сур’ёзны ўдар атрымаў спартсмен, ці патрэбная яму медычная дапамога і наколькі ён можа выбыць з гульні.

Ёсць і прыклады выкарыстання «разумнага адзення» ў аматарскім спорце. Nike і Apple сумесна выпусцілі красоўкі са спецыяльным датчыкам, які адсочвае рух карыстальніка. Сінхранізаваны IPod альбо IPhone паведаміць пра час, дыстанцыю, хуткасць і колькасць затрачаных калорый. Можна выбраць Power-песню, якая будзе ўключацца ў той момант, калі Вы пачняце стамляцца, а рух — запавольвацца.

Яшчэ адным прыкладам «разумнага адзення» з’яўляецца Polo Tech ад Ральфа Лорэна.

За 295 даляраў можна набыць саколку з датчыкамі, якія адсочваюць асноўныя жыццёвыя паказчыкі чалавека (ціск, сардэчны рытм, тэмпературу і іншыя). Уся гэтая інфармацыя можа ў рэжыме анлайн паказвацца доктару.

«Чорная скрыня», на якую захоўваецца ўся асноўная інфармацыя, можа працаваць бесперапынна 30 гадзін. Саколка сінхранізуецца з прыладамі Apple. Такім чынам, усе жыццёвыя паказчыкі дасылаюцца і захоўваюцца на IPhone альбо IPad праз Bluetooth 4.0. Саколку можна без праблем мыць, яна не баіцца вільгаці, хаця плаваць у ёй не рэкамендуецца. Пакуль што Polo Tech можна набыць толькі ў ЗША.

У апошні час пры стварэнні «разумнага адзення» выкарыстоўваецца «электронная тканіна». «Электронная тканіна» — гэта тэкстыль, часткай якога з’яўляюцца электронныя элементы. Прыкладам выкарыстання тэхналогіі «электроннай тканіны» можа быць жаночы пояс, зроблены з оптавалаконнай тканіны, якая свеціцца ў цемры.

У шырокім разуменні «разумным адзеннем» (wearable technology) можна лічыць і партатыўныя прылады, якія можна пераносіць на целе (напрыклад, шаломы з убудаванай камерай альбо «разумныя гадзіннікі» ад Samsung і Apple).

У катэгорыю «wearable technology» трапляюць і акуляры ад Google. Прылада дазваляе з дапамогай галасавога кіравання рабіць фота- і відэаздымкі і запускаць дадаткі Google. У студзені 2015 года Google прыпыніла продаж Google Glass у сувязі з завяршэннем выпрабавальнага перыяду. Google заявіла, што прадукт яшчэ з’явіцца на рынку, але ім будзе займацца новая каманда. На жаль, пра канкрэтныя тэрміны выхаду на рынак, характарыстыкі і кошт новых акуляраў у Google не паведамілі. Эксперты мяркуюць, што акуляры крыху апярэдзілі свой час, і на дадзены момант некаторыя характарыстыкі не могуць быць якасна рэалізаваны на падобных прыладах.

Актыўна выкарыстоўваецца «разумнае адзенне» і ў медыцыне. Акрамя асноўных біяметрычных паказчыкаў, некаторыя ўзоры такога адзення могуць аналізаваць работу асобных груп цягліц, знаходзіць траўмы на целе, назіраць за ўскладненнямі дыябету, выяўляць хваробы малочнай залозы.

Не спыняюць распрацоўку «разумнага адзення» і вайскоўцы. У межах праекта Future Force Warrior навукоўцы распрацоўвалі баявы касцюм для пяхоты. Гэты касцюм павінен цалкам абараняць чалавека і дапамагаць яму рухацца з дапамогай экзашкілета, на ім усталявана сістэма маніторынгу стану салдата, ёсць шалом з дысплеем і сістэмай камунікацыі. Але армія ЗША прагназуе, што канчатковы і цалкам рэалізаваны прадукт з’явіцца толькі пасля 2032 года.

На дадзены момант «разумнае адзенне» не самае зручнае, мае даволі высокі кошт і абмежаваны набор функцый. Але з развіццём тэхналогій яно будзе карыстацца вялікім попытам не толькі сярод вайскоўцаў і спартсменаў, але і сярод простых людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?