Няпростая сітуацыя склалася ў СВК «Зарэчны-Агра»: дзевяць месяцаў цягнецца судовая цяжба паміж адміністрацыяй і сям'ёй перасяленцаў з Расеі. Перашкодай стаў катэдж, з якога сям'я павінна была выселіцца ў жніўні мінулага года, але да гэтага часу не спяшаецца гэта рабіць. У кожнага свая праўда.

Суд ды справа

У СВК «Зарэчны-Агра» распавялі перадгісторыю. У 2014 годзе расейцы — муж, жонка і двое дзяцей — звярнуліся ў СВК з просьбай аб працаўладкаванні. Старшыня прыняў абаіх на працу: мужа — электрыкам, жонку — дыспетчарам. Выдзеліў жыллё — двухпакаёвую кватэру ў чатырохкватэрным доме ў вёсцы Белыя Балоты.

— Папярэдне мы паказвалі кватэру нашым новым работнікам. У памяшканнях быў зроблены рамонт: мы замянілі міжпакаёвыя дзверы, уставілі ўваходныя металічныя дзверы, памянялі звычайныя вокны на шклопакеты, рыхтаваліся клеіць шпалеры. Ніякіх прэтэнзій з боку навасёлаў не паступала. Для дашкольнікаў і школьнікаў з вёскі Белыя Балоты арганізаваны падвоз у Лойкі. Прыпынак размешчаны проста насупраць дома. Жыхароў усё задавальняла. Усіх чатырох прапісалі ў кватэры, каб сям'я магла атрымаць пасведчанне на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, — адзначае юрысконсульт СВК Вікторыя Раманчук.

Аднак на асенне-зімовы перыяд 2014 года ў кватэры быў запланаваны рамонт ацяпляльнай сістэмы. Улічваючы гэтую акалічнасць, старшыня СВК Анатоль Борка прапанаваў навасельцам часова пажыць у аднакватэрным доме ў Лойках:

— Я хацеў зрабіць як лепш. Каб сям'я не адчувала ніякіх нязручнасцяў, не здымала жыллё, не марнавала грошы. Усё-ткі двое малалетніх дзяцей. Але адразу папярэдзіў, што толькі на год. На такі тэрмін і заключылі дагавор найму жылога памяшкання. Пра тое, што я падаю гэты дом на час працы, размова не ішла. Толькі на адзін год. Жыхары былі згодныя.

Тэрмін мінае 1 жніўня 2015 года. Да гэтага часу галава сямейства звольніўся з СВК па ўласным жаданні, жонка сышла ў дэкрэтны адпачынак. За месяц да заканчэння вызначанага тэрміну сям'ю апавясцілі (прасцей кажучы, нагадалі) аб тым, што яны павінны вызваліць памяшканне. Але калі прыйшоў час, тыя наадрэз адмовіліся перасяляцца з катэджа ў кватэру: у катэджы ўжо быццам як абжыліся. А ў верасні ў сям'і нарадзілася трэцяе дзіця.

— У мэтах абароны сваіх парушаных правоў нам прыйшлося звярнуцца ў суд. Вось і судзімся да гэтага часу. Справа дайшла да Вярхоўнага суда, і была адпраўлена на новы разгляд. Пачалі па другім коле. Раённы суд мы выйгралі, наперадзе — абласны, — распавядае Вікторыя Раманчук.

Аднакватэрныя дамы, або, як іх называюць жыхары, катэджы (дом, які часова далі вышэйзгаданай сям'і, якраз з разраду такіх), СВК вылучае сем'ям пры ўмове, калі абое ў сям'і, муж і жонка, працуюць у гаспадарцы. Прычым на працягу некалькіх гадоў. Сёння ў СВК «Зарэчны-Агра» ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў знаходзіцца пяць сем'яў. Свабоднага жылля няма. У той час як нашы героі займаюць і кватэру (па рэгістрацыі), і дом.

Свая пазіцыя

Што нам скажа другі бок? «Перспектыва» накіравалася ў госці да сям'і, пагутарыла з гаспадыняй Надзеяй Мікалаеўнай.

Як высветлілася, у Беларусі — у Гомельскай і Магілёўскай абласцях — у сям'і пражываюць сваякі. Аднак, па словах Надзеі Мікалаеўны, Гродзеншчына іх прывабіла больш, таму і вырашылі тут уладкавацца. У Беларусь, кажа, прыехалі дзеля дзяцей, каб тыя змаглі атрымаць добрую адукацыю.

— Спачатку шукалі працу ў горадзе, аб'ездзілі многія населеныя пункты, мэтанакіравана ў Лойкі мы не ехалі. Але потым знайшлі тут працу. Тым больш нам сказалі: праца ёсць — жыллё будзе. Таму і вырашылі застацца. Але кватэру нам не давалі, проста там зарэгістравалі. Першапачаткова далі дом, — тлумачыць Надзея Мікалаеўна.

— Вы хоць кватэру бачылі, у якой зарэгістраваныя? — цікаўлюся.

— Так. Заходзілі мы туды. Але там сцены голыя, падлогі там няма. Там няма ўмоваў, каб жыць з трыма дзецьмі. Тады ў нас яшчэ не было трэцяга дзіцяці, цяпер ужо наша сям'я мае статус шматдзетнай, — гучыць у адказ.

Узнікае пытанне: навошта тады згаджаліся там рэгістравацца, калі ўсё так дрэнна?

— У нас іншага выйсця не было. Дом паабяцалі, але ў ім нас не маглі зарэгістраваць, паколькі там былі прапісаныя і іншыя жыхары. Таму нас зарэгістравалі ў кватэры. Цяпер хочуць туды перасяліць. Мы ніякай дамовы не атрымлівалі. І нават не ведалі, калі з гэтага дома выпісаліся ранейшыя жыхары. Вось так і жывём.

— Рашэнне раённага суда не ў вашу карысць. А калі і абласны вынесе такі ж вердыкт?

— Будзем далей пісаць. Таму што лічу несправядліва, — тлумачыць сваю пазіцыю гаспадыня. — Дамаўляліся пра дом, а цяпер, атрымліваецца, нас на вуліцу (калгас не высяляе сям'ю на вуліцу, а перасяляе па месца рэгістрацыі. — заўвага аўт.). Думаю, Вярхоўны суд не павінен так. Няправільна гэта ўсё. Пакуль я працую ў СВК, хачу жыць у гэтым доме. Я не хачу звальняцца, нам тут падабаецца.

Пазіцыя сям'і, уласна, зразумелая. Паміж двухпакаёвай кватэрай у невялікай вёсачцы і дыхтоўным катэджам з участкам зямлі ў цэнтральнай сядзібе знак роўнасці не паставіш. Толькі вось, як кажуць самі працаўнікі вёскі, якія не адзін год чакаюць чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоў, катэдж яшчэ трэба заслужыць. І ўсімі сіламі імкнуцца да гэтага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?