Былы актывіст «Гавары праўду» Яраслаў Берніковіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку агучыў лічбы: за кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч у Мінску было сабрана ўсяго 14 тысяч подпісаў.

У ЦВК ж было нібыта здадзена 55 тысяч подпісаў, якія былі прызнаныя сапраўднымі. Мы патэлефанавалі ў Глыбокае Яраславу Берніковічу, які ў 2015 каардынаваў збор подпісаў за Караткевіч у Мінску.

«Наша Ніва»: Чаму вы сёння агучылі гэтыя лічбы?

Яраслаў Берніковіч: Некалі было патрэбна, каб гэтыя лічбы нехта агучыў. Чым гэты дзень горшы за ўчарашні ці месячнай даўніны? На мяне паўздзейнічала, што ў апазіцыі па-ранейшаму няма ніякага аб’яднання і нават жадання яднацца. Я разумею, што падчас парламенцкіх выбараў будзе 300 кандыдатаў, па 5 кандыдатаў на акругу. Хтосьці з іх збярэ патрэбныя подпісы, хтосьці не збярэ, кагосьці не зарэгіструюць з сабранымі, кагосьці зарэгіструюць без сабраных подпісаў… Няма сэнсу ў зборы подпісаў, калі такое будзе працягвацца далей.

Я хачу, каб болей такога не адбылося. 2010 год прайшоў і ўсе замаўчалі, бо ва ўсіх былі пысы ў пушку. Можа, хіба ў Някляева былі сабраныя ў сапраўднасці. Ды цяпер усё роўна, ці ты сабраў, ці не сабраў подпісы. Улада выбірае сабе апанента і з гэтым трэба пакончыць, з такой заганнай практыкай.

«НН»: Дык колькі тады ў рэальнасці сабралі за Таццяну Караткевіч?

ЯБ: Я магу сказаць дакладную лічбу па Мінску. Сабрана 14 603 подпісы, здадзена ж прыкладна 55 тысяч (54 812 — «НН»).

«НН»: Хто прымаў рашэнне здаваць менавіта 55 тысяч?

ЯБ: Прымалася рашэнне кіраўніком штаба.

«НН»: Андрэем Дзмітрыевым?

ЯБ: Так.

«НН»: Подпісы збіраць было цяжка?

ЯБ: Вельмі. Па-першае, было мала людзей. Нібыта была вялікая ініцыятыўная група, але ў ёй багата «мёртвых душаў», гэта значыць чыесьці знаёмыя, знаёмыя знаёмых… Семсот чалавек былі запісаных у ініцыятыўную групу з тых, хто даваў свае подпісы за «Народны рэферэндум». Натуральна, што з іх ніхто не збіраў подпісаў.

Валанцёры збіралі подпісы ў вельмі кепскіх умовах, калі тэмпература за +30. Яны рабілі тое, што маглі зрабіць. Збіралі па-сапраўднаму.

«НН»: Як рэагавалі ў штабе Таццяны Караткевіч на прапанову праверыць сапраўднасць подпісаў?

ЯБ: Я выконваў дастаткова абмежаваныя функцыі, таму не ўсё ведаю. Магу сказаць, што праверыць жа было што. З сабраных 14 тысяч можна было нешта даць. Бярыце – правярайце. Іх правяралі, але не лічылі. Я памятаю, што была дзяўчынка з «Белсата», якая тэлефанавала па нумарах з аркушоў. Ёй пацвярджалі, што так, давалі подпісы за Караткевіч.

«НН»: Таксама вы кажаце, што абавязковым было хадзіць па адрасах, дзе жывуць журналісты і палітычныя дзеячы? Была такая ўстаноўка?

ЯБ: Так, была ўстаноўка. Пажадана было сабраць подпіс кожнага журналіста, а таксама іх суседзяў. Калі персанальна ў вас не было ўлёткі Караткевіч, то гэта недапрацоўка штабу.

«НН»: Ці праўда, што вы сышлі з «Гавары праўду»?

ЯБ: Сышоў.

«НН»: З чым гэта звязана?

ЯБ: З рознагалоссямі з кіраўніком… з Дзмітрыевым. Па самых розных пытаннях.

«НН»: Цяперашнія гэтыя заявы – гэта не спроба помсты?

ЯБ: Я разумею, што многія будуць крычаць гвалт, абвінавачваць мяне. На здароўе, няхай так думаюць. Зроблена і зроблена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?