Апошнім часам шмат размоў вядзецца пра «інфармацыйную бяспеку краіны». Гледачы атрымліваюць шавіністычную інфармацыю ад расійскіх кацярын андрэевых і дзмітрыеў кісялёвых. Якія грамадска-палітычныя праграмы ўласнай вытворчасці цяпер можна ўбачыць у эфіры беларускіх тэлеканалаў?

Важна адзначыць, што ніводная праграма, у якой можа быць пачуты голас звонку — напрыклад, крытычна настроенага эксперта, — не паказваецца ў жывым эфіры.

«Беларусь-1»

Вечаровыя навіны па-ранейшаму называюцца «Панарама», толькі ў нядзелю замест яе выходзіць «Галоўны эфір». Адразу пасля яго ў эфіры паказваюць «Клуб рэдактараў» з Генадзем Давыдзькам.

Па панядзелках выходзіць ток-шоу «Форум з Дзмітрыем Бачковым». Папярэдні выпуск, напрыклад, быў прысвечаны няпоўным сем’ям.

Па аўторках раз на два тыдні паказваюць «Буйным планам» з Маратам Маркавым — інтэрв’ю з чыноўнікам ці грамадскім дзеячам.

З той жа перыядычнасцю па суботах выходзіць фактычна такая самая перадача — «Пункт гледжання» з Вікторыяй Сянкевіч.

Ёсць яшчэ непастаянная праграма «Макей і Лаўроў. Пра палітыку», дзе цёзкі дыпламатаў абмяркоўваюць сусветную палітыку.

АНТ

Рэйтынгавыя «Контуры» ўвечары нядзелі вядзе расеец Ілля Коласаў. Ягоны фармат— бясконцая лекцыя пра сітуацыю ў краіне.

Сваё ток-шоу — «Справа прынцыпу» з Вадзімам Гігіным. Папярэдні раз гаварылі пра сельскую гаспадарку. У эфір перыядычна запускаюць апазіцыю, але толькі «канструктыўную» і ў запісе.

Каб не адставаць ад старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, сваю праграму стварыў кіраўнік АНТ Рыгор Кісель. Ягонае «Трэба разабрацца» выходзіць у чацвер, гэта інтэрв’ю з чыноўнікамі.

Перадача «Подых планеты» магла б быць пазнавальнай праграмай пра жыццё ў замежжы, як «Пра-свет» на «Белсаце», але ва ўмелых руках Тэнгіза Думбадзэ схіляецца да выкрывання імперыялізму на савецкі капыл.

СТБ

Па такім жа прынцыпе, здараецца, працуе праграма «Часткі свету з Алегам Раманавым».

Апроч таго, на канале ёсць фармат душэўнага інтэрв’ю — «Простыя пытанні» з Ягорам Хрусталёвым.

Той жа Хрусталёў вядзе ток-шоу «Што адбываецца» на «РТР-Беларусь». У апошнім выпуску абмяркоўвалі планы і прагнозы на сёлетнюю Алімпіяду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?