У Іўеўскім раёне знойдзены пенсіянер, што амаль тыдзень блукаў па лесе.

Як паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама, 20 ліпеня ў Іўеўскі РАУС паступіла інфармацыя ад мясцовай жыхаркі пра тое, што яе дзядзька 1946 года нараджэння сышоў з хаты ў вёсцы Чапунь і не вярнуўся. Мужчына з дзяцінства з'яўляецца інвалідам па псіхічным захворванні. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён адправіўся ў лес у грыбы.

Пошукі зніклага доўжыліся шэсць дзён. Акрамя міліцыянтаў у іх былі задзейнічаны больш за 30 вайскоўцаў унутраных войскаў, а таксама мясцовыя жыхары. Мясцовасць тут багністая, з вельмі густым лесам. Для павелічэння эфектыўнасці пошуку прыцягваўся квадракоптэр Іўеўскага тэлебачання.

Калі ўвесь раён абследавалі, было прынята рашэнне кропкава выбраць месцы магчымага з'яўлення мужчыны. У ходзе апытання насельніцтва міліцыя атрымала інфармацыю, што грамадзяне чулі крыкі з боку Бярэзіны. На беразе ракі супрацоўнікі міліцыі і выявілі зніклага.

Мужчына моцна схуднеў, бо ўвесь тыдзень харчаваўся толькі ягадамі, жалудамі, піў рачную ваду. Ён перададзены медыкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?