Спецыялісты АКБ «Гідрапрэс» «самым сур'ёзным чынам» прааналізавалі сітуацыю, што ўзнікла пры перамяшчэнні корпуса рэактара блока № 1 Беларускай АЭС. Гэтую заяву начальніка аддзела трываласці канструктарскага бюро Леаніда Лякішава прыводзіць прэс-офіс групы кампаній «Атамстройэкспарт».

Паводле слоў расійскага спецыяліста, падчас аналізу выкананая разліковая ацэнка напружана-дэфармаванага стану корпуса рэактара пры судакрананні эліптычнага дна корпуса з плітой мантажнай пляцоўкі. «Гэтая ацэнка выконвалася з выкарыстаннем сучасных дынамічных метадаў разліку ў кансерватыўнай пастаноўцы з падрабязным матэматычным мадэляваннем як элементаў корпуса рэактара, так і мантажнай пляцоўкі, — расказаў Лякішаў. — У выніку атрымана, што прыведзеныя напружанні ў дне корпуса не перавышалі нарматыўных напружанняў, якія дапускаюцца, для ўмоў нармальнай эксплуатацыі, а дэфармацыі ў метале корпуса знаходзіліся ў пругкай вобласці».

«Такім чынам, ніякіх значных пашкоджанняў корпус рэактара ў гэтай сітуацыі не атрымаў», — упэўнены прадстаўнік АКБ «Гідрапрэс».

Сітуацыю пракаментаваў першы віцэ-прэзідэнт Саюза машынабудаўнікоў Расіі Уладзімір Гуценеў. «Ужо стала вядома, што інцыдэнт не прывёў да нейкіх сур'ёзных наступстваў, — пачаў ён. — Усё ж такі корпус атамнага рэактара — гэта не чайны сервіз, а асабліва трывалая канструкцыя, разлічаная на розныя ўздзеянні на працягу многіх дзясяткаў гадоў эксплуатацыі атамнай станцыі. Корпус рэактара Беларускай АЭС пасля інцыдэнту прайшоў неабходныя праверкі, у тым ліку рознымі метадамі дэфектаскапіі».

Паводле слоў спецыяліста, гэта найбольш сучасныя тэхналогіі, якія дазваляюць праверыць ўнутраны стан металу і зварных злучэнняў. «Нічога іншага больш сучаснага не прыдумана, — падкрэсліў Гуценеў. — Як мы ведаем, якасць пацверджаная».

Пры гэтым узнікае і іншае пытанне — аб страхавым выпадку. «Рашэнне аб страхавой выплаце ў выпадку пашкоджанняў прымаецца страхавой кампаніяй на аснове вынікаў праведзенай экспертызы, а не здагадак назіральнікаў, якія не з'яўляюцца спецыялістамі. Страхавая кампанія лёгка дакажа, што ў гэтай сітуацыі страхавы выпадак не наступіў, бо абсталяванне не атрымала пашкоджанняў, а замоўцу давядзецца ісці «направа» па тэрмінах уводу ў эксплуатацыю, а таксама мець іншыя выдаткі і страты», — сказаў Гуценеў.

Каментуючы прэс-офісу групы кампаній «АСЭ» тое, што адбылося, навуковы супрацоўнік інстытута філасофіі НАН Беларусі Пётр Пятроўскі заявіў: «Укіданні, якія адбываюцца з боку літоўскіх і некаторых беларускіх СМІ, інспіраваныя выключна наяўнай палітычнай сітуацыяй у суседняй краіне. З аднаго боку, такія ўкіданні выкарыстоўваюцца прадстаўнікамі нацыяналістычных літоўскіх партый і сіл, якія спачуваюць ім, для атрымання палітычных ачкоў, а з іншага — негатыўная пазіцыя ў дачыненні да БелАЭС з'яўляецца вынікам таго, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў Беларусь стане адзінай краінай у рэгіёне, здольнай экспартаваць энергію. Такім чынам, краіна паўстане перад выбарам — экспартаваць танную энергію з Беларусі ці дарагую — з еўрапейскіх краін, размешчаных на значнай адлегласці».

Паводле слоў Пятроўскага, відавочна, што эканамічныя фактары нашмат больш значныя за палітычныя, і цалкам магчыма, што, нягледзячы «на ўвесь гэты паказны шум, праз пяць гадоў, калі скончацца паўнамоцтвы наяўнага прэзідэнта Літвы, мы ўбачым зусім іншае стаўленне да беларускага праекта».

Ён таксама адзначыў, што «такія ўкіданні застануцца неэфектыўнымі з прычыны прызнання праекта БелАЭС бяспечным ЕС, ЕК і МАГАТЭ».

Нагадаем, сёння намеснік генеральнага дырэктара дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксандр Лакшын заявіў, што «Расатам» гатовы пры жаданні замоўцы замяніць корпус рэактара для Беларускай АЭС, з якім здарыўся інцыдэнт 10 ліпеня.

Лакшын прызнаў, што ў ноч з 9 на 10 ліпеня адна з субпадрадных арганізацый пры выкананні аперацыі па перасоўванні корпуса рэактара дапусціла адхіленні ад інструкцыі, з-за якіх адбыўся перакос грузу пры яго ўздыманні. «На вышыні прыблізна чатырох метраў (пры даўжыні вырабу 11 метраў) узнікла няспраўнасць пад'ёмнага крана, з-за чаго корпус заставаўся ў падвешаным стане больш за паўгадзіны. Увесь гэты час перакос паступова павялічваўся і ў выніку прывёў да таго, што корпус рэактара праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна, сутыкнуўшыся з зямлёй», — паведаміў прадстаўнік «Расатама».

Ён падкрэсліў, што «нават у момант сутыкнення з зямлёй асноўная вага вырабу — больш за дзве траціны — утрымлівалася кранам». «Таму выкарыстоўваць такія словы, як «удар аб зямлю» ці «падзенне», няправільна, гэта ўводзіць людзей у зман, бо скажае сутнасць таго, што адбылося, таму што хуткасць руху корпуса не перавышала хуткасці пешахода», — сцвярджае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?