Цэнтрвыбаркам Беларусі прыняў рашэнне ўключыць у склад назіральнага савета па выбарчых спрэчках у СМІ падчас парламенцкіх выбараў пры ЦВК старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца.

Як паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына, у камісію паступіў зварот ад Бастунца, які прасіў уключыць яго і намесніка старшыні БАЖ Алега Агеева ў склад назіральнага савета. Пры гэтым Ярмошына прапанавала задаволіць зварот напалову, уключыўшы ў склад савета аднаго Бастунца.

Зачытаўшы біяграфію Бастунца, Ярмошына сказала, што ён з'яўляецца дасведчаным спецыялістам у галіне журналістыкі, перш за ўсё з прававога пункта гледжання. «Думаю, яго меркаванне будзе адрознівацца ад меркаванняў іншых членаў савета і дапаможа прыняць якаснае рашэнне пры разглядзе спрэчак падчас перадвыбарнай агітацыі», — сказала кіраўнік ЦВК, дадаўшы, што пасяджэнні назіральнага савета будуць праходзіць «весела» і «нестандартна».

Пры гэтым Ярмошына падкрэсліла, што Бастунец з'яўляецца чалавекам «ветлівым, канструктыўным, здольным працаваць у калектыве».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што на прэзідэнцкіх выбарах паступала аналагічная заяўка, але яна не была задаволеная, бо склад савета з прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ «катэгарычна адмовіўся працаваць з прадстаўнікамі апазіцыйнай журналісцкай арганізацыі».

Паводле слоў Лазавіка, раней рабілася спроба дзейнасці назіральнага савета пры Саўміне з прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, праца якога «вылілася ў высвятленне адносін». «Будзем спадзявацца, што зараз праца савета будзе больш канструктыўнай і пытанні будуць вырашацца па сутнасці», — сказаў Лазавік.

Ярмошына звярнула ўвагу на тое, што рашэнні савета не маюць абавязковай сілы, аднак ЦВК можа скарыстацца яго рэкамендацыямі і вынесці пытанне на разгляд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?