Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў патрабуе ад Цэнтрвыбаркама адмяніць рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты па сваёй акрузе памочніка прэзідэнта Беларусі Дзмітрыя Гобарава. Адпаведную заяву Кастусёў накіраваў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Сваё патрабаванне Кастусёў абгрунтоўвае «найгрубейшым парушэннем выбарчага заканадаўства» з боку Гобарава. Як адзначаецца ў заяве, паводле дзейнага заканадаўства пасля рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты акруговай камісіі 11 жніўня Гобараў павінен быў сысці ў адпачынак на час выбарчай кампаніі. Аднак ён гэтага не зрабіў. У прыватнасці, 15 жнiўня Гобараў браў удзел у нарадах, звязаных з яго службовымі абавязкамі, у час рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці. Гэтая падзея мела шырокае асвятленне ў розных СМІ і спрыяла папулярызацыі Гобарава ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, піша Кастусёў.

16 жніўня Гобараў у якасці кандыдата ў дэпутаты наведаў Магілёў і рэгіёны Магілёўшчыны, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, адзначаецца ў заяве.

Варта ўлічыць, што да свайго прызначэння ў 2013 годзе на пасаду памочніка прэзідэнта — галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Гобараў працаваў на розных кіруючых пасадах у Магілёўскай вобласці. Ён, у прыватнасці, быў першым намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама, а пазней узначальваў Круглянскі і Магілёўскі райвыканкамы.

На думку грамадскіх актывістаў Магілёўскай вобласці, пры вылучэнні Дзмітрыя Гобарава кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс — гэты кандыдат карыстаецца неабмежаванай падтрымкай з боку ўладнай «вертыкалі» Магілёўскай вобласці, адзначаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Копія заявы Кастусёва накіраваная генеральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?