Ля ўвахода ў Музей гісторыі ГУЛАГа ў Маскве ўдзельнікі Рэвалюцыйнага камуністычнага саюза моладзі павесілі пудзіла з партрэтам Аляксандра Салжаніцына. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Дождж» са спасылкай на прэс-сакратара музея Ганну Рапейка.

Інцыдэнт адбыўся ў суботу ўвечары, 8 кастрычніка. Па словах Рапейка, двое маладых людзей падбеглі да тэрыторыі музея і павесілі на агароджы пудзіла, пасля чаго схаваліся. Ахоўнікі музея знялі пудзіла праз некалькі хвілін.

Дырэктар музея Раман Раманаў заявіў радыёстанцыі «Эхо Москвы», што лічыць гэтую акцыю «дзіцячай, збольшага хуліганскай выхадкай». Раманаў у той жа час адзначыў, што адміністрацыя музея вырашыла не звяртацца ў паліцыю, бо не бачыць пагрозы для работы музея ў сувязі з тым, што адбылося.

На таблічцы, прымацаванай да пудзіла, Салжаніцын названы «найпершым ворагам», «які ілгаў нам пра ГУЛАГ», а таксама гаворыцца, што пісьменнік «глуміўся з праўды». Сам музей актывісты называюць «здрадлівым».

Тэлеканал «Дождж» спасылаецца на карыстальніка NataYaraya, які апублікаваў у Twitter фатаграфію пудзіла.

«Ля Маскоўскага музея ГУЛАГа хлопцы павесілі на стылізаванай пад лагерную браме пудзіла Салжаніцына — злоснага антысаветчыка і хлуса».

На сайце РКСМ апублікавана заява аб «акцыі ля маскоўскага музея ГУЛАГа». У заяве гаворыцца, што музей ГУЛАГа, помнікі Салжаніцыну, мемарыялы ахвярам сталінізму, а таксама «ініцыятыва буржуазных расійскіх уладаў» назваць 2018 год «годам творчасці дадзенага пісьменніка» — гэта «спроба прыкрыць уласную палітычную нежыццяздольнасць, закручванне гаек і раздрай у дзяржаве».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0