За ноч сітуацыя вакол Аляксандра Гарашчэні ператварылася з прыўкраснай карціны нацыянальнай еднасці і гуманітарнай салідарнасці ў мярзотнае відовішча найжахлівых бакоў чалавечай асобы. Ужо пайшлі нейкія развясёлыя дыскусіі, ці не забараніць сваім дзецям вучыць рускія вершы, ці не выгнаць са школы малога Гарашчэню, ці не паслаць на тры рускія літары выбачэнні таго рыэлтара… Каментары пад выбачэннямі наогул чытаць немагчыма…

З гэтай нагоды ў мяне ёсць дзве гісторыі. Першая — стогадовай даўніны. Некалі ў студэнцкай насценгазеце БДУ абразілі студэнтаў-беларусаў (менавіта з-за гэтай абразы з'явіўся легендарны «ліст трох», і Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі і Андрэй Александровіч дэманстратыўна выйшлі з БДУ).

Што так выбешвала аўтараў насценгазеты ў студэнтах-беларусах? Выбешвалі тры рэчы: мова, чысценькія гарнітуры і шляхетныя паводзіны.

Студэнты, якія размаўлялі па-беларуску, былі падкрэслена ветлівымі заўсёды і з усімі. Гэта раздражняла манкуртаў і гапату — але ж у адказ беларусы дзейнічалі выключна законнымі сродкамі, не забруджваючыся ў мацюкі і абразы ў адказ. Дый наогул пачытайце мемуары:

беларус — не хам, не быдла, нават вясковы беларус — не бруднаслоў, не мацюгальнік, а далікатны чалавек.

Другая. Некалі ў дзевяностыя я назірала такую карцінку. Метро, вахцёрка. Міма яе ідзе маладзён з бела-чырвона-белай значкай. Яна яму нейкую заўвагу па-руску. Ён ёй у адказ — па-беларуску. Яна зноў — па-руску. І той бярэ — і смачна плюе ёй пад ногі. Добра, што не ў твар. Дык мяне, сказаць па праўдзе, не надта дзівіць і па сёння простанародная нянавісць да «свядомых», якія чамусьці вырашылі, что адзін чалавек можа адчуваць сябе вышэй за другога па нацыянальнай прыкмеце.

Няўжо не зразумела, што

хамства, брыдота, зневажальныя каментары, напады на дзіця, вайна з вершамі і паэтамі любых нацыянальнасцяў ставіць усіх барацьбітоў за светлае на адну дошку з Гарашчэнем?! Не, нават — ніжэй!

Бо Гарашчэня — чалавек непісьменны і цёмны, такіх проста шкада, да таго ж ужо выбачыўся, а іншы бок, адукаваныя людзі, абазнаныя ў гісторыі і культуры беларускай — што вы робіце з беларускасцю?! Навошта разменьваеце яе ў брыдкіх спрэчках? Чаму мяшаеце з мацюкамі?

І наконт пытання, якое мне задалі як настаўніцы рускай літаратуры. Калі вы папраўдзе жадаеце стаць на адну дошку з Гарашчэнем і забараняць дзецям вучыць напамяць вершы рускіх паэтаў, вы маеце на гэта поўнае права. Максімум, што за гэта пагражае — і то не вам, а вашаму дзіцяці — гэта «два» ў адпаведную калоначку адзнак. Хочаце яшчэ і дзяцей блытаць у нянавісць і бруд? Калі ласка. Спадар Гарашчэня даў добры прыклад.

А так учора ўсё прыгожа пачыналася: Барадулін у стужцы, прыўкрасны безэмацыйны Лабадзенка, Беларусь перадусім…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?