Перамовы доўжыліся больш за тры гадзіны. Лаўроў адзначыў, што выкананне мінскіх дамоўленасцяў буксуе, нягледзячы на «тую ўвагу, якая надаецца кіраўнікамі чатырох краін». Паводле яго слоў, на працоўным узроўні не ўдаецца ўзгадніць нават паслядоўнасць захадаў і ў сферы бяспекі, і ў сферы палітычных рэформаў.

Лаўроў падкрэсліў, што гаворка ідзе пра закон аб асаблівым статусе асобных раёнаў Данбаса і яго замацаваннi ў Канстытуцыі ва Украіне, а таксама правядзенні мясцовых выбараў. «Усе гэтыя рэформы мы ўвязваем з захадамі ў сферы бяспекі», — сказаў ён.

Паводле слоў кіраўніка расійскага знешнепалітычнага ведамства, частка цяжкіх узбраенняў, якія павінны былі быць адведзены, пастаянна вяртаюцца на лінію судакранання. Спасылаючыся на высновы спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ, ён заявіў, што «такіх парушэнняў у разы больш з боку Украіны».

На сённяшніх перамовах бакі таксама абмяркоўвалі гуманітарныя і эканамічныя пытанні. Паводле слоў Лаўрова, Расія падтрымлівае забеспячэнне доступу прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа да ўсіх затрыманых па абодва бакі лініі судакранання, а таксама аднаўленне водазабеспячэння ў зоне канфлікту.

Ён таксама заявіў, што сёння няма неабходнасці размяшчаць у зоне канфлікту ваенізаваную групу АБСЭ і гэта пытанне на сустрэчы не абмяркоўвалася.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін на сваёй прэс-канферэнцыі таксама адзначыў, што казаць пра сур`ёзныя вынікі сённяшняй сустрэчы нельга, але падкрэсліў, што спадзяецца на некаторыя зрухі па гуманітарных пытаннях.

У прыватнасці, сказаў Клімкін, украінскі бок працягвае настойваць на свабодным доступе прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа і міжнародных гуманітарных арганізацый да ўкраінскіх ваенных і цывільных асоб, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі Данбаса. Менавіта з гэтага пытання ўкраінскі бок пачаў перамовы.

Акрамя таго, украінскі бок настойвае на вызваленні затрыманых асоб і на свабодным доступе на тэрыторыю шэрагу раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей місіі АБСЕ.

Клімкін спадзяецца, што пытанне з доступам Чырвонага Крыжа і міжнародных гуманітарных арганізацый да палонных удасца вырашыць у найбліжэйшы час, а таксама разлічвае на вынікі ў перамовах па абмене палоннымі.

Ён падкрэсліў, што на сённяшніх перамовах украінскі бок заявіў аб згодзе «на любую опцыю» ў пытанні абмену палоннымі.

Клімкін таксама паведаміў, што дыскусія аб «дарожнай карце» па выкананні мінскіх пагадненняў на перамовах была кароткай, бо не ўдаецца дасягнуць згоды з расійскім бокам па ключавых пытаннях. Паводле слоў Клімкіна, гэта дыскусія будзе працягнутая ў розных фарматах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?