Прайшоў фінал Восьмага рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend, на якім падтрымку атрымалі 15 фіналістаў з тых 160 праектаў, якія падалі заяўкі. Пяць з іх на суму больш за 20000 BYN падтрымаў асабіста Юрый Мельнічак, цяпер заснавальнік IT-кампаніі ў сферы штучнага інтэлекту.

Юрый Мельнічак

Юрый Мельнічак

У верасні 2016 года пачаўся прыём заявак на восьмы конкурс Social Weekend. З усёй Беларусі паступіла 160 заявак, з іх у чвэрцьфінал і на двухмесячны трэк навучання патрапіла толькі 40 праектаў. 24 з іх прэзентавалі свае ідэі і першыя дасягненні перад журы паўфіналу конкурсу, у якім былі кіраўнікі аддзелаў маркетынгу і піяру вядомых кампаній і галоўныя рэдактары СМІ.

На фінальным мерапрыемстве, якое прайшло 15 снежня 2016 года, 15 найбольш абгрунтаваных праектаў атрымалі і матэрыяльную падтрымку на рэалізацыю ад мецэнатаў на суму больш 40000BYN. Палова гэтай сумы паступіць ад Юрыя Мельнічка (AIMATTER, дадатак fab.by) пяці фіналістам, у тым ліку ўладальнікам Гран-пры конкурсу (праект «ПапаЗал») і Прыза глядацкіх сімпатый («Бабулін часнык»). Яшчэ тры праекты — гэта «Чахлы для неданошаных дзетак», які будуць адшываць у рэанімацыі радзільняў па ўсёй Беларусi; «Даступны пляж» у Зэльве, дзе кожны шосты — маламабільны чалавек; EdCamp — неканферэнцыя для настаўнікаў па абмене перадавым досведам і сучаснымі практыкамі.

Праект «ПапаЗал» нарадзіўся ў Гомелі і прыцягвае татаў у спартзалы школ для бясплатнага сумеснага правядзення часу з дзецьмі. Мамы ў гэты час могуць адпачыць. За час навучання адкрылася яшчэ некалькі залаў у розных гарадах Беларусі і нават у Разані (РФ).

Аўтары «Бабулінага часныка» задумаліся пра тое, як можна дапамагчы пенсіянерам легальна і камфортна прадаваць сваю прадукцыю, а ахвотным спажываць натуральныя прадукты хутка, зручна і бяспечна рабіць пакупкі, падтрымліваючы пры гэтым сталых людзей. Так нарадзілася ідэя стварэння інтэрнэт-крамы «Бабулін часнык». Сотні апытаных людзей выказалі зацікаўленасць у набыцці вырабленых пенсіянерамі прадуктаў праз інтэрнэт-краму. Сярод журы пачалася дыскусія аб магчымасці легалізацыі продажу такой прадукцыі ў нашай краіне і бяспецы спажывання прадукцыі, але аўтары адразу давалі ўжо правераныя на практыцы адказы.

Юрый Зісер, заснавальнік TUT.by, акажа дапамогу Музею айчыннай вылічальнай тэхнікі з унікальным экспанатам.

Леанід Лознер, сузаснавальнік EPAM Systems, дасць шанец хуткага развіцця IT-школе для тых, хто слаба чуе, якая навучае сучасным it-спецыяльнасцям і змяняе лад жыцця людзей у лепшы бок.

Аляксей Шчурко, заснавальнік Gurtam, пасадзейнічае з'яўленню ўнікальнага кантэнту ў праекце «Навука дзецям» з Гомеля, які стварае відовішчныя і якасныя відэаролікі для настаўнікаў і вучняў па школьнай праграме прыродазнаўчых навук.

Аляксандр Кныровіч і Міхаіл Чупрынскі дапамогуць з'явіцца ў нашых гарадах прыгожым модульнымі недарагім канструкцыям. Гэта будуць і забаўляльныя пляцоўкі, і нават агароды ў дварах, і сады на дахах.

Віталь Дзенісенка, «Студыя Баравога», падтрымае праект па этнаграфіі Беларусі, які збірае разрозненыя і страчаныя гістарычныя дадзеныя, а таксама ліквідуе вольную, часам абсалютна няслушную, трактоўку сімвалаў традыцыйнай культуры.

Аўкцыён дабрачынных спатканняў «Мае сэнс» падтрымае праект KrokApp.

Вольга Рачко, ментар праекта «Мой бізнэс», не выстаўляла намінацыі, але прыняла рашэнне дапамагчы праекту #ЭтоНашиДети стаць устойлівым і доўгатэрміновым, каб дзеці з інтэрнатаў мелі магчымасць пазнаваць свет за межамі сваёй установы.

Даніэль Крутцына, яшчэ адзін ментар тэлешоу «Мой бізнэс», дапаможа прыцягнуць інвестыцыі мабільнаму дадатку Joiny.

***

Прыём заявак на новы, дзявяты Social Weekend, пачнецца на афіцыйным сайце ўжо праз месяц, з 16 студзеня 2017 года. Удзельнічаць у конкурсе можа любы ахвотны, запалены карыснай грамадству ідэяй.

У лютым арганізатарамі запланаваны чарговы хакатон сацыяльных праектаў, бо папярэдні стаў адным з найбуйнейшых у Рэспубліцы Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0