Старшыня Чавускага райвыканкама і старшы ўчастковы інспектар міліцыі Чавускага РАУС выратавалі чалавека на пажары, паведамляе прэс-служба МНС.

«У аўторак, 24 студзеня, у 16:08 у Чавускі РАНС паступіла паведамленне аб пажары. Калі ратавальнікі прыбылі ў вёску Галузы, гарэлі адкрытым полымем жылы дом і хлявы. Да прыбыцця падраздзяленняў МНС гаспадар быў выратаваны з палаючага дома старшынёй Чавускага райвыканкама Сяргеем Драздоўскім і старшым участковым інспектарам міліцыі Чавускага РАУС Аляксандрам Барсуковым.

Гаспадар дома на пажары не пацярпеў, але брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі быў шпіталізаваны з сардэчнай гіпертэнзіяй трэцяй ступені», — адзначылі ў МНС.

У прэс-службе расказалі, што старшыня Чавускага райвыканкама знаходзіўся ў вёсцы Барышаўка. Убачыўшы дым, ён паведаміў аб пажары і паехаў да месца. Старшы ўчастковы інспектар міліцыі ў момант узнікнення пажару быў у вёсцы Радамля на сваім участку. Інфармацыю аб пажары яму перадаў аператыўны дзяжурны Чавускага РАУС, і ён выехаў да месца пажару.

«Сяргей Драздоўскі і Аляксандр Барсукоў разам пабеглі да хаты, каб праверыць наяўнасць людзей. На верандзе на падлозе яны ўбачылі гаспадара, які самастойна не мог выйсці. Яны яго вынеслі з веранды на свежае паветра і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі…» — паведамілі ў МНС. У выніку пажару знішчаны жылы дом і дзве гаспадарчыя пабудовы. Меркавана прычына пажару — парушэнне правілаў эксплуатацыі печкі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0