Строга кажучы, авітаміноз — гэта надзвычай сур'ёзнае захворванне, зарабіць якое ну вельмі няпроста. Увядзі ў радку пошуку слова «цынга», напрыклад, і палюбуйся, што бывае з людзьмі, якія доўгі час пражылі без вітамінаў С, РР і В1. Уражвае, праўда? На шчасце, нічога падобнага з табой не адбудзецца.
Тое, што звычайна здараецца з намі ў канцы зімы і ў пачатку вясны, медыкі называюць полігіпавітамінозам, або вітамінавай недастатковасцю. Адбываецца канфлікт жаданага і сапраўднага: для паўнавартаснага функцыянавання арганізму дзень за днём патрабуецца пэўная колькасць карысных рэчываў, а атрымлівае ён пражытачны мінімум, а то і яшчэ менш.
Але ёсць і добрыя навіны: вясновую нястачу вітамінаў даволі проста папоўніць. Толькі «падкормліваць» арганізм трэба рэгулярна.
Выбірай замарожаныя садавіну, гародніну
На жаль, прыгожая і апетытная свежая садавіна і ягады «made in вельмі далёка» за час доўгага шляху ў нашы супермаркеты губляюць значную частку карысці. Таму ў пачатку вясны пераходзь на замарожаныя дары садоў і агародаў. Пры хуткім прамысловым астуджэнні ў родных садавіне і ягадах захоўваецца да 95% неабходных рэчываў (асаблівую каштоўнасць у міжсезонне мае, зразумела, вітамін С).
Еш сухафрукты
У іх шмат вітамінаў групы В і правітаміну А. Вывараныя ў цукровым сіропе фінікі пакідай без увагі і шукай менавіта сушаныя плады. Цукаты з папаі, ківі, кавуна або ананаса, хоць і выглядаюць сімпатычна, у вітамінізацыі таксама абсалютна бескарысныя.
Запякай і тушы
Працяглая тэрмаапрацоўка прадуктаў, у прыватнасці гародніны, — вораг вітамінаў. Карняплоды — бульбу ці буракі — лепш за ўсё запякаць у мундзіры: каштоўныя рэчывы (вітаміны С, РР) застануцца запячатанымі пад лупінай.
Адвар шыпшыны
Лічыўся б эліксірам здароўя, калі б не капрызы вітаміну С, дзеля якога звычайна ўсё ладзіцца. Каштоўны, але пераборлівы, ён мае звычку разбурацца пры кантакце з металамі, хлараванай вадой, пры награванні.
Гатуй кашы
Улічы, што манка ці, напрыклад, вычышчаны рыс па вясне амаль бескарысныя: пасля апрацоўкі ў іх застаецца нікчэмна мала вітамінаў. Чаго не скажаш пра пярлоўку, аўсянку, неабчышчаны рыс і, вядома ж, грэчку.
Звярні ўвагу на капусту
У кансерваваных гародніне і садавіне з пункту гледжання зместу вітамінаў толку мала. Іншая справа — каштоўны ферментаваны, які падвергнуўся закісанню, прадукт — квашаная капуста. Марская капуста, між іншым, таксама ўтрымлівае нямала карыснага: напрыклад, правітамін А, С і шматлікія вітаміны групы В.
Паспрабуй парасткі
Парасткі соі, нута, гароху ці пшаніцы — сапраўдны склад карысных рэчываў. Але май на ўвазе: прадукт скорапсавальны.
Пі па правілах
Зялёны чай — самы лепшы напой для арганізма (вядома, што ў сухіх лісточках утрымліваюцца вітаміны C, P, B2, K, PP, A, D і E). Але навучыся заварваць яго правільна. Налі ў кубак трохі кіпеню, накрый і пакінь на пару хвілін. Затым выплесні яго, пакладзі патрэбную табе колькасць гарбаты і залі крыху астылай вадой. Зноў накрый кубак — і праз 10 хвілін атрымоўвай асалоду.
Клапаціся пра мікрафлору
Карыснае не заўсёды трапляе ў арганізм звонку — скажам, вітаміны групы В могуць выпрацоўваць і твае ўласныя кішэчныя бактэрыі. Праўда, для гэтага іх неабходна як след карміць клятчаткай, выдатная крыніца якой — жытняе, грэчкавае, пшанічнае, ячменнае і іншае вотруб'е.
Захоўвай спакой
Навукоўцы высветлілі, што стрэс значна паскарае расходванне вітамінаў. Адсюль мараль — спакой, толькі спакой!