Імаверна, нехта з іх будзе пераможцам конкурсу.
Усё меней часу застаецца да пачатку 62-га конкурсу песні «Еўрабачанне». Сёлета ён пройдзе ў Кіеве. Паўфіналы адбудуцца 9 і 11 мая, а фінал 13 мая.
Мы ўжо пісалі пра фаварытаў сёлетняга конкурсу. На гэты раз вырашылі спыніцца на тым, якія краіны вырашылі аддаць перавагу ў спевах сваім нацыянальным мовам, а не англійскай.
Найперш гэта, канечне ж, Франчэска Габані. Безумоўны фаварыт «Еўрабачання». Букмекеры яшчэ больш паверылі ў ягоны поспех. Цяпер стаўкі на яго перамогу прымаюцца з каэфіцыентам 1,375 да 1. Фактычна, дзялкі ўпэўненыя, што перамога ўпершыню ад 1990 года дастанецца Італіі.
Апошнім пераможцам ад Італіі быў Тота Кутуньё з песняй Insieme 1992, прысвечанай еўрапейскаму адзінству.
Франчэска Габані ў сваім хіце ў вельмі жорстка крытыкуе сённяшняе заходняе грамадства з разумнікамі, што сядзяць у кавярнях, інтэрнэт-экспертамі і залежнымі ад сэлфі. «Розум ужо не ў модзе, у модзе банальныя адказы, бессэнсоўныя выбары», — спявае Габані.
Па-партугальску будзе спяваць Сальвадор Сабраль. У букмекераў ён ідзе на пятым месцы з каэфіцыентам 10 да 1. Песня Сабраля называецца «Каханне дваіх». Унутраная публіка рэагуе на партугальца вельмі захоплена. Ён будзе адзіным спяваць не па-англійску ў першым паўфінале.
Венгрыя адправіла на «Еўрабачанне» рэпера цыганскага паходжання Ёцы Папаі. Частку песні ён праспявае па-венгерску, а частку — па-цыганску. На сцэну Папаі выходзіць у нацыянальным цыганскім касцюме. У букмекераў Венгрыя на 10-м месцы з шанцамі 25 да 1.
Ну і, урэшце, па-беларуску будуць спяваць нашы прадстаўнікі на «Еўрабачанні» NAVI. Пакуль букмекеры нізка ацэньваюць нашы шанцы, але, улічваючы папулярнасць нацыянальных моваў на сёлетнім «Еўрабачанні», можна чакаць большага прарыву.
Таксама выканаўцы з Францыі і Іспаніі будуць спяваць часткова на сваіх мовах, а часткова — на англійскай. Харватыя вырашыла адправіць у Кіеў кампазіцыю на італьянскай і англійскай.