Сёння мы пагаворым пра фільм, які дабярэцца да нашага кінапракату на наступным тыдні. З аднаго боку гэта прыгодніцкая стужка пра пошукі Эльдарада ў басейне Амазонкі, з іншага фільм прапануе паразважаць на глыбокія філасофскія тэмы.
На прэм'еру «Закінутага горада Z» у Лас-Анжэласе прыйшоў Брэд Піт, які быў тут выканаўчым прадзюсарам. Журналісты задавалі яму шмат пытанняў, але Піт пакінуў іх без адказаў. Апошнім часам ён выходзіць у людзі надта рэдка.
Планавалі, што галоўную ролю выканае Бэнэдыкт Камбэрбэтч. Але, урэшце, на гэтае месца трапіў Чарлі Ханэм:
«Майго персанажа клічуць Персі Фосэт. Ён быў даследчыкам Каралеўскага геаграфічнага таварыства, жыў у XIX — у пачатку XX стагоддзя, быў героем той эпохі. Мяркую, ён натхніў стваральнікаў вобраза Індыяны Джoнса. Лівінгстон даследаваў тады Афрыку, Шэклтан — полюс, а Фосэт — Амазонію».
Па сутнасці «Закінуты горад Z» грунтуецца на фактах з гісторыі. Але таксама разважае на тэму таямнічага знікнення даследчыка. Ці адшукаў ён Эльдарада? Ці загінуў? Ці застаўся ў джунглях у індзейскім племені?
«Закінуты горад Z» — мастацкі фільм з шэрагам выдатных актораў. Адных гледачоў прывабіць падарожжа, іншых — акторскі склад. Дэманстрацыя фільма ў беларускім пракаце распачнецца з 27 красавіка.