Сёння паехаў на ўсход. Вецер дзьмуў з захаду, дык я паехаў на ўсход. А з усходу ішоў цягнік, якім можна вярнуцца назад.

Прыпыняюся паміж вёскамі Пасекі і Барсукі, каля мехдвара. Уніз ідзе дарога на Пералоі, а далей на Харошую Ель. У інвентары з XVIII стагоддзя ў Пералоях пералічваюцца гаспадары Янка, Паўлюк і Сямён Шыталі. Нейкая далёкая-далёкая мне радня.

Пра Харошую Ель я ведаю толькі адзін факт. У 1931 годзе пан прэзыдэнт Масьціцкі пагадзіўся стаць хросным бацькам сёмага сына тутэйшага гаспадара Даніэля Штуры. Гляджу на WIG-аўскую мапу 1932 года. Харошая Ель-І, Харошая Ель-ІІ, Брытаны, Булашкі, Тадэвушава, Кірціна… Россып вёсачак, цэлы мікрасвет, ад якога не засталося аніводнай жылой хаты.

Я не быў ніколі ў Харошай Елі. І сёння не паехаў. Сутыкнуўся з моцным ветрам, развярнуўся і паехаў на Барсукі. Адтуль, не спыняючыся - у Порплішча. Ехаў па глыбоцкай шашы. У вёсках ціха, а тут - рух. Ідуць машыны на поўнач і на поўдзень. Ідуць шляхам старога паштовага тракта, які праклалі ўлады Расійскай Імперыі ў першай палове ХІХ стагоддзя.

З пагоркаў далёка відаць наваколле. Ад барсукоўскага мехдвара бачныя дрэвы, што растуць абапал дарогі з Порпліскага Двара на Порплішча. Гаспадары з Порпліскага Двара пасадзілі іх падчас шарваркаў. Дзіва, што сённяшнія ўлады не дабраліся іх спілаваць… Бо ёсць такое ўражанне, што ўлады маюць дзве любімыя справы — пілаваць дрэвы і разбураць будынкі. А з Порплішча бачны фальварак Ходараўка, колішняя ўласнасць Славінскага. Паміж Ходараўкай і Порплішчам былі яшчэ Паўловічы, уласнасць Куля. Сын Куля хадзіў у школу разам з маім дзедам, яго прывозілі на пары коняў. У 1939 годзе Куляў вывезлі…

У Порплішчы заязджаю да Вацлава, былога бібліятэкара. Ён жыве ў жоўтым доме каля аўтобуснага прыпынка. Старая цёмная хата. На сцяне — партрэты Гагарына, Ясеніна, Цоя… На стале кампутар. Жытло вясковага інтэлігента.

Вацлаў ставіць імбрык. Заварваю каву. Пачынаем гаворку.

- Помніш, ты мне прысылаў нататку пра мальца з Харошай Елі, у якога прэзідэнт быў хросным?..

- Так.

- Я спытаўся ў адной жанчыны адтуль, яна гэтага чалавека помніць. Памёр ён ужо.. Але ён гэтым не хваліўся. Пры Сталіне пахваліся ты — звязуць на Сібір..

Мы размаўляем пра пакінутыя вёскі, памерлых людзей, разбураныя будынкі. Пра сённяшні дзень краю няма чаго гаварыць — і так усё ясна, і так кідаецца ў вочы. Але размовы пра старое — таксама змрочныя.

- Ты бачыў, што засталося ад вёскі П..?

- Так. Дзве хаты, пустыя.

- Дык яны засталіся, бо ўладальнік адмовіўся зносіць. Сельсавет цісне, каб зносіў. А хата, што на канцы, 1906 года пабудовы. Колькі ўладаў яна перастаяла! Гаспадар спадзяецца, што яшчэ і Лукашэнку перастаіць (смяецца). А другая хата — гэта радня ягонай жонкі, Пігулеўскія..

- Пігулеўскія? З гэтай вёскі быў такі Пігулеўскі, ён жыў у Латвіі. У міжваенны час быў беларускім дзеячам, адзін час нават паслом у латыскім сойме. Можа, радня?

- Ты мне пісаў пра яго. Я пытаўся ў людзей, ніхто не помніць. Паўміралі ўжо людзі, якія помнілі… І пра Альховы Ручай, што ты мне дакумент дасылаў, я пытаўся ў чалавека з Валодзек — ён сказаў, што ніколі не чуў…

Мне пара ў дарогу. Планую даехаць са спадарожным ветрам да Крулеўшчыны, каб там сесці на дызель Полацк — Маладзечна і вярнуцца назад.

- Заязджай, не забывайся, - кажа мне Вацлаў.

Я еду праз Пятровічы. У 1932 годзе ў вёсцы было 28 хат. Цяпер — дзве. Пустыя. Прыкмячаю, што няма ўжо крыжа. Згніў, і новы не паставілі.

Валодзькі. Паводле інвентара XVIII стагоддзя, тут жыў Васіль Шыталь. Мой далёкі продак у прамой лініі. Ужо пасля апошняй вайны мой дзед Віктар Шыталь, які нарадзіўся ў Валодзьках, прыйшоў на прымакі ў вёску Вешняе. Раней у Валодзьках былі сельсавет, школа, клуб, бібліятэка, крама. Цяпер — няма нічога. Толькі аўталаўка і аўтобус прыходзяць з Докшыц, і цягнік прыпыняецца.

За Казламі на правы бок бачу Жалюбчыкі. Юльян Змітровіч з Жалюбчыкаў вучыўся ў гімназіі імя Люблінскай уніі ў Глыбокім, пісаў краязнаўчыя артыкулы ў гімназічны часопіс «Ziemia Dziśnieńska». У 2004 годзе, быўшы вучнем 8-га класа, я заехаў на гэты хутар і пазнаёміўся з яго гаспадаром Уладзімірам Зьмітровічам, 1918 года нараджэння. Ён расказаў мне шмат цікавага пра мінулае гэтых мясцінаў.

На левы бок — Варганская гара. Яна была тут дванаццаць тысяч год таму, ад апошняга ледавіка. У ІІІ-IV стагоддзях пасля нараджэння Хрыстова на ёй было ўмацаванае гарадзішча. Пазней каля яе падножжа было селішча, на якім археолагі адкапалі печ, у якой выплаўлялі жалеза з балотнай руды. І калі памруць апошнія жыхары ў навакольных вёсках, Варганская гара будзе ўзвышацца над апусцелым наваколлем.

Міхнаўшчына. Маёнтак Рудамінаў. Ліпы, і тоўсты дуб, які перастаяў многія ўлады.

Верацеі. Родная вёска эміграцыйнага пісьменніка Кастуся Акулы. Ён напісаў раман-трылогію «Гараватка», сюжэт якога заснаваны на падзеях, што адбываліся ў родных мясцінах. У родных мясцінах раман чыталі лічаныя людзі, у бібліятэках яго няма. На вясковай вуліцы я не сустрэў ніводнага чалавека. Толькі малы чорны сабачка выскоквае з нейкага двара, бяжыць за мной і звягае.

Крулеўшчына. Мястэчка пры вузле чыгунак. Тут віруе жыццё. Прынамсі, гэтак здаецца пасля паездкі па мёртвых вёсках. Каля вакзала дзве новыя крамы — «Залаты колас», фірмовая Глыбоцкага камбікормавага завода, і «Аўтазапчасткі». На станцыі — некалькі рамонтных цягнікоў. Соўгаюцца па шляхах лакаматывы. На вакзале пасажыры чакаюць сваіх цягнікоў. Ходзяць туды-сюды рабочыя чыгункі.

Я стаю перад вакзалам, аж пакуль не паказваецца маладзечанскі дызель.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?