Германавічы, карціна Міхаіла Меранкова.

Германавічы, карціна Міхаіла Меранкова.

У мястэчку Германавічы даўняга Дзісенскага павета (цяпер Шаркаўшчынскі раён) 3 чэрвеня адбыўся бардаўскі фэст. Чаму менавіта ў Германавічах? Бо там ёсць каму гэты фэст арганізаваць. Нястомная грамадская дзяячка Ада Райчонак, якой сёлета споўнілася 80 гадоў, ужо шмат год арганізуе культурніцкія імпрэзы, на якія з’язджаюцца цікаўныя да беларушчыны людзі з усяго Паазер’я.

Ада Райчонак.

Ада Райчонак.

Я не такі вялікі прыхільнік бардаўскай музыкі, каб ехаць на канцэрт за дзвесце кіламетраў (гэты тыдзень я якраз правёў у Менску). Але фэст у Германавічах — яшчэ і магчымасць сустрэць знаёмых, і пазнаёміцца з аднадумцамі. Бо людзі, цікаўныя да беларушчыны, у правінцыі — яны як нейкая таемная ды разгалінаваная супольнасць. Адзінокія ў сваіх райцэнтрах і мястэчках, яны ведаюць «сваіх людзей» ва ўсіх суседніх раёнах. Звязаныя знаёмствамі, падпіскамі ў сацсетках — і сустрэчамі на такіх імпрэзах, як у Ады Эльеўны.

Калі ў міжваенны час рэпарцёры і пісьменнікі пісалі пра беларускую поўнач, Дзісенскі і Браслаўскі паветы — абавязкова падкрэслівалі суворы, халодны клімат гэтага краю ды неўрадлівыя землі. І цяпер гэты ўскраек Віленшчыны сустрэў мяне халодным ветрам ды пахмурным надвор’ем. Шаша Шаркаўшчына — Дзісна то падымаецца на пагоркі, то спускаецца ў нізіны. Асфальт пабіты і падлатаны. Прырода вакол — розныя адценні цёмна-зялёнага колеру лугоў і зараснікаў.

Па статыстыцы, заробкі ў Шаркаўшчынскім раёне — найменшыя ў Беларусі… Спыняецца машына, каб мяне падвезці. Муж за стырном, жонка побач — абаім гадоў па пяцьдзясят. Жанчына распавядае, што ў Шаркаўшчыне цяжка знайсці работу, што моладзь з’язджае, што ў Вялікім Сяле вялікая школа, ды мала ў ёй вучняў… Размовы жыхароў беларускай Поўначы аднастайныя і сумныя, нібы старыя песні пра цяжкую долю. Як у часы Купалы, гэтыя людзі нясуць сваю крыўду «на худых плячах, на руках у крыві, на нагах у лапцях». І хочуць людзьмі звацца…

У Вялікім Сяле спыняецца машына да Германавіч. «Вельмі прыемна чуць беларускую мову… Праўда, вельмі прыемна… Шкада, што мала хто на ёй размаўляе», — кажа чорнавалосая жанчына-кіроўца. Вельмі многія жыхары беларускай правінцыі так кажуць. Я веру, што кажуць шчыра. Але шкадаваннем звычайна і заканчваецца — рэдка хто вырашаецца перайсці на беларускую мову, каб родная гаворка не ўмёрла.

Каля Культурна-асветнага цэнтра імя Язэпа Драздовіча — шмат машын. На падворку — шмат людзей. У памяшканні сустракаю гаспадыню, Аду Райчонак. «А каго ж я бачу! А мой ты хлопчык! Даехаў нарэшце!» — кажа мне Ада Эльеўна, абдымае і цалуе ў шчаку. Праз кепскі стан здароўя я даўно не выбіраўся ў Германавічы, дык сёння Ада Эльеўна вельмі рада мяне бачыць.

Сёлета на бардаўскі фэст сабралася болей людзей, чым звычайна. Чалавек шэсцьдзесят. Моладзь актыўна дапамагае і ўдзельнічае. Ігар Палынскі — малады і таленавіты музыка, старшыня Полацкага ТБМ — наладжвае абсталяванне, завіхаецца каля пульта. Галляш Сялява, фатограф і арганізатар культурніцкага жыцця з Браслава, рыхтуе пытанні да віктарыны. Старэйшыя людзі рыхтуюць ежу — наразаюць каўбасу і сыр, робяць бутэрброды, заварваюць гарбату. Ада Эльеўна мусіць круціцца ўсюды — і з гасцямі пагаварыць, і пракантраляваць, як на кухні справы, і ці ўсё ў парадку са сцэнай.

У музейнай зале, побач з карцінамі беларускіх мастакоў, стаім і размаўляем з Галляшам Сялявам. Галляш — лідар і рухавік нефармальнага культурнага жыцця ў Браславе. Кіруе браслаўскім сайтам і суполкамі ў сацыяльных сетках, фатаграфуе, ладзіць валанцёрскія акцыі і культурніцкія мерапрыемствы. Цяпер разам з аднадумцамі адчыняе курсы беларускай мовы. Пра сваю дзейнасць кажа сціпла. Кажа, што яму падабаецца быць актыўным, а стрымлівае толькі недахоп часу. А ідэй, задумаў — мільён. Калі б такіх людзей як Галляш Сялява і Ігар Палынскі, падтрымала дзяржава, дала ім пасады, грошы і памочнікаў — яны зрабілі б болей, чым усе раённыя аддзелы культуры разам узятыя.

Наогул, тут унікальныя людзі сабраліся. Вось Зміцер Лупач — журналіст, які даязджае ў кожны куток рэгіёна, піша і пра святы, і пра гісторыю, і пра людскую крыўду. А яшчэ рыхтуе да выдання кнігі мясцовых паэтаў і краязнаўцаў, ды распавядае дзясяткі цікавых гісторый. Нядаўна яго судзілі за сюжэт на «Белсаце». Вось Уладзімір Скрабатун, які 23 гады выдае газету «Вольнае Глыбокае» і напісаў тысячы цікавых артыкулаў, рэпартажаў, краязнаўчых матэрыялаў. Нядаўна пошта вярнула «Вольнае Глыбокае» ў свой падпісны каталог, і людзі сталі яе выпісваць… Пра Аду Райчонак — асобны расповед, пра яе дзейнасць кнігу трэба пісаць, а не артыкул. Рэжысёр Уладзімір Колас у 2008 годзе зняў дакументальны фільм «Галерэя Ады».

Ад уладаў, як звычайна, няма нікога. Ні з райвыканкама, ні з сельсавета. Чыноўнікі не цікавяцца незалежнымі культурнымі імпрэзамі. А арганізатары, думаю, цешацца, што не замінаюць, не ўмешваюцца. Такі ўзаемны байкот існуе шмат гадоў, і не толькі ў Германавічах. Але гэта ненармальны стан, які перашкаджае развіццю беларускай культуры, нацыянальнай свядомасці.

Спявае Андрэй Мельнікаў.

Спявае Андрэй Мельнікаў.

Фэст пачынаецца са спеваў гомельскага барда Андрэя Мельнікава. Ягоная творчасць не папулярная, затое вельмі глыбокая. Ён спявае па-беларуску пачатак «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча і «Літоўскі легіён» Юльюша Славацкага, спявае пра Курапаты, перапявае вершы Анатоля Сыса, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча… Сум па страчаным Вялікім Княстве, па еўрапейскасці, па гонары і патрыятызме, які мы страцілі з падзеламі Рэчы Паспалітай ды яшчэ не набылі ў незалежнай Беларусі… А за спінай барда — муры касцёла Перамянення Пана, пабудаванага ў 1780-х, калі Вялікае Княства яшчэ існавала. Яны ўзмацняюць уражанне ад спеваў.

Далей выступаюць Ігар Палынскі (Полацк), Іван Гарбачонак (Шаркоўшчына), Міхаіл Героеў (Браслаў), Іван Хлапенец (Лепель), Антон Бубала (Верхнядзвінск), Міхаіл Рубін (Віцебск). На жаль, няшмат парадаваў спевамі Зьміцер Бартосік. Ён выступіў перад сабранымі як аўтар кнігі «Быў у пана верабейка гаварушчы», складзенай з тэкстаў перадачы «Падарожжы Свабоды», многія з якіх былі запісаныя ў нашых мясцінах. А праспяваў толькі адну песню.

Фэст скончыўся пачастункам. Я застаўся на вуліцы, каб пагаварыць з Алёнай і Веранікай, настаўніцамі з мястэчка Лужкі. Даўно кантактую з імі праз інтэрнэт, а вось першы раз сустрэліся. Алёна марыць пра тое, каб стварыць у Лужках краязнаўчы музей. Яны ўдзвюх, са сваімі вучнямі, зрабілі пераклад дзіцячага мультфільма і агучылі яго на беларускай мове. Ада Эльеўна рупіцца, каб мы толькі не засталіся галоднымі — выносіць нам талерку з бутэрбродамі. «Вы як завугольныя сваты даўней на вяселлі» — кпіць з нас Зьміцер Лупач і таксама далучаецца да размовы.

З Германавіч да Параф’янава едзем машынай са Змітром Бартосікам, Андрэем Мельнікавым, Валерыяй Чарнаморцавай. Спыняемся ў Шаркаўшчыне, дзе на плошчы стаіць не помнік Леніну, а помнік праваслаўнаму святару, якога ў 1919 годзе замучылі бальшавікі. Размаўляем пра гэты край — пра беларускую актыўнасць у 1930-я гады, пра разабраную чыгунку ў Браславе, пра тое, як у 1960-я руйнавалі царкву ў Сароках. Зміцер Бартосік абяцае прыехаць у наш край зноў, запісаць успаміны старых жыхароў для перадачы «Падарожжы Свабоды».

А я застаюся ў Параф’янаве. Лаўлю сябе на думцы, што ў гэтым краі добра, калі побач людзі, калі ёсць аднадумцы. Нам добра і цікава, калі збярэмся і з’ездземся. І невыносна сумна, калі ў мястэчку няма з кім загаварыць, няма да каго зайсці на гарбату, няма з кім падзяліцца думкамі. Тады застаецца чакаць чарговай дзе-небудзь імпрэзы або выпадковых гасцей з Менску, каб можна было нагаварыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?