У якасці адказу на такое шырокае і філасофскае пытанне мы падрыхтавалі для вас невялікую інструкцыю, якая дапаможа пачысціць тэлефон ад непатрэбнага кантэнту.
Пачнём з матчасткі.
Якімі законамі ў Беларусі рэгулюецца спам?
Распаўсюджванне рэкламы пры дапамозе тэлефоннай, тэлекснай, факсімільнай, сотавай рухомай электрасувязі ды электроннай пошты рэгламентуецца 12-м артыкулам Закона «Аб рэкламе».
Апроч таго, ёсць Правілы аказання паслуг электрасувязі, зацверджаныя ўрадавай пастановай №1055 яшчэ ў жніўні 2006 года. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі распрацавала змены ў гэтую пастанову, але яны пакуль не зацверджаныя.
Што ў законах ёсць па тэме?
Ніхто нічога не можа дасылаць на асабісты нумар без вашага панскага дазволу. Калі абанент у пісьмовай дамове дае згоду на атрыманне рэкламы, яго павінны праінфармаваць і пра магчымасць неадкладнага спынення распаўсюду рэкламы на ягоны адрас. Такую магчымасць абавязаны прапісваць ў дамове.
Якія органы кантралююць выкананне закона?
Перш за ўсё, дзяржаўны кантроль у галіне рэкламы ажыццяўляецца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі ды іншымі дзяржаўнымі органамі ў межах іх кампетэнцыі.
Такім чынам, што рабіць, калі вас дапякаюць спамам?
1. Калі гэта аператары мабільнай сувязі:
МТС раіць дадаць паслугу адмовы ад галасавой рассылкі і sms-рэкламы, скарыстаўшыся агульным нумарам 0890: называеце свой нумар тэлефона, імя уладальніка — і паслуга актывуецца. Натуральна, бясплатна.
«Вэлком» прапаноўвае звяртацца ў любыя фірмовыя офісы і пісаць там спецыяльную заяву. Абанент таксама можа патэлефанаваць у даведкавую службу і папрасіць заблакаваць непатрэбныя рассылкі. Калі ў вас ёсць асабісты кабінет, то адключыць непатрэбныя паслугі магчыма на сайце.
«Лайф» у такіх выпадках падказвае звяртацца ў інфармацыйна-даведкавую службу — спецыяліст, які здыме слухаўку, зафіксуе адмову ад рассылкі. Ёсць і яшчэ адзін варыянт: увесці запыт *120#, далей націснуць дзявяты пункт меню «Налады», абраць рэкламу ў смс і званках і адключыць яе.
2. Калі гэта нейкія «левыя» кампаніі, навіны якіх вам да лямпачкі:
Акрамя магчымасці адправіць пэўны нумар у чорны спіс і заблакаваць (калі ён адлюстроўваецца), ёсць некалькі варыянтаў. Так бы мовіць, для добрых і злых паліцэйскіх.
Першы: тэлефануеце ў кампанію, у лапы якой аднойчы трапіў ваш нумар тэлефона, і просіце прыбраць вас з базы (такі сцэнар можа адбыцца з кожным, хто хаця б аднойчы заказаў ежу, таксі ці касметыку і такім чынам трапіў у секту). Адэкватнае кіраўніцтва адразу пойдзе насустрач. Менавіта так зрабілі сэрвіс па дастаўцы ежы «Ёлкі-палкі», кампаніі «Фаберлік» і «Мілавіца», якім мы тэлефанавалі ў якасці эксперыменту.
Іншы шлях «разборак» прадугледжаны законам: вам трэба звярнуцца да свайго аператара сувязі са скаргай на дзеянні абанента ці карыстальніка, які вас турбуе. Скаргі могуць накіроўвацца як у вуснай, так і ў пісьмовай форме. Аператар сам абавязаны разбірацца з тым, хто вас панепакоіў. Аднак, як расказаў «НН» юрыст Вячаслаў Дрызгаловіч, які ў сваёй практыцы сутыкаўся з падобнымі выпадкамі, прававая непісьменнасць аператараў сувязі не заўсёды дазваляе адэкватна і хутка вырашыць такія пытанні.
3. Калі не атрымліваецца па-добраму:
З заявай пра здзяйсненне ў дачыненні да вас правапарушэння (так-так, гэта лічыцца адміністрацыйным парушэннем) трэба звярнуцца ў свой выканкам па месцы рэгістрацыі. Парушэнне заканадаўства аб рэкламе цягне накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 40 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад 20 да 50 базавых велічынь. І гэта сапраўды працуе!
Увогуле ж, каб вам не давялося карыстацца парадамі з гэтага артыкула, будзьце пільнымі. Нярэдка людзі самі пакідаюць прыватныя тэлефонныя нумары і электронную пошту ў адкрытым доступе (у аб’явах ці на старонках у сацсетках), а потым здзіўляюцца, як трапілі ў чарговую базу рассылкі. Своечасова прыбірайце іх адтуль, калі няма жадання быць заспамленымі, і не забывайцеся пра магчымасць налады персанальных параметраў непажаданай пошты.
Аўтар дзякуе юрысту Вячаславу Дрызгаловічу і начальніку сектара каардынацыі ўзаемадзеяння і эксплуатацыі сетак Міністэрства сувязі Наталлі Кручковай за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула.