Пра намер правесці 7 ліпеня, падчас сесіі ПА АБСЕ, акцыю салідарнасці з палітвязнямі і супраць беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2017» заявіў напярэдадні актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі.
Актывісты прыйшлі на пікет з партрэтамі Дзмітрыя Паліенкі, Міхаіла Жамчужнага, Аляксея Мілюкова, Іллі Валавіка, Ірыны Моцнай.
Паводле праваабаронцаў, палітвязняў двое: актывіст Дзмітрый Паліенка, які ўтрымліваецца ў Бабруйскай калоніі, і выкладчык з Віцебска, праваабаронца Міхаіл Жамчужны, асуджаны за тое, што спрабаваў таемна праслухоўваць міліцыянтаў.
Пікет прайшоў мірна. Вакол былі людзі ў цывільным, але яны толькі назіралі. Акцыя працягвалася каля 45 хвілін. Потым актывісты разышліся.
Ідэю акцыі падтрымаў і Беларускі нацыянальны кангрэс, якую ўзначальвае Мікола Статкевіч.
«Рада БНК выказвае ўдзячнасць ўсім мужным патрыётам, якія прынялі ўдзел у нашай акцыі 3 ліпеня ў Мінску і заяўляе пра падтрымку пікету 7 ліпеня і яго патрабаванняў вызваліць і рэабілітаваць усіх без выключэння палітвязняў. Мы таксама выказваемся супраць масавай прысутнасці ў краіне замежных вайскоўцаў на вучэннях у верасні», — адзначалася ў заяве БНК.