Фота svaboda_friends

Фота svaboda_friends

У Смургонях у адным з прыватных шапікаў прадавалі элястычныя бранзалеты з выявай свастыкі.

Першым бранзалеты са свастыкай заўважыў Вадзім Жаромскі, актывіст Маладога фронту, які разам зь сябрам апынуўся ў cмаргонскім шапіку. Ён і зрабіў здымкі. Вадзім кажа, што быў вельмі зьдзіўлены тым, што пабачыў.

Жаромскі: «Адчуваньне нават ня ведаю чаго, быццам аплявалі. Ведаеце, калі людзі забываюцца на сваіх родных блізкіх — гэта самае дрэннае. Гэтая прадавачка, мабыць, забыла, што й бацькі яе перажылі вайну, і дзядуля, і бабуля… Няма пра што казаць — гэта жах».

Мне ўдалося датэлефанавацца да гаспадара шапіка, Міколы Трухана. Ён быў вельмі расхваляваны і сказаў, што ня мог сабе такога нават уявіць. Тавар ён браў у Менску, але раней з такім не сутыкаўся.

Трухан: «Я сам у шоку, я паеду й буду разьбірацца. Разумееце, я бяру тавар у каробках, яны запакаваныя, выпісваюць мне накладную, я прывёз — і ўсё. На каробцы напісана: «бранзалет на руку, асарці».

Са слоў спадара Трухана, ён зьвязаўся са сваімі пастаўшчыкамі і высьветліў, што тавар тыя атрымліваюць з Масквы і, маўляў, таксама былі вельмі зьдзіўленыя пачутым.

Назву фірмы‑пастаўшчыка спадар Трухан нам не назваў, але казаў, што цяпер будзе сам пільна праглядаць атрыманы тавар.

Трухан: «Божа мой, ды мой дзед ваяваў, загінуў ва Ўсходняй Прусіі. Я ж добра ведаю, што такое свастыка. Гэта моладзь, можа, ня ведае, але я выдатна гэта разумею».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0