74‑гадовы нямецкі мільярдэр Адольф Мэркле, уладальнік фармацэўтычнага канцэрна «Ратыёфарм», кінуўся пад цягнік непадалёк ад свайго дому.
У рэйтынгу самых багатых людзей планеты Forbes Мэркле займаў 94‑е месца.

Мэркле з асабістай маёмасцю паводле розных ацэнак ад 7 да 11 мільярдаў еўра быў адным з найбагацейшых людзей Нямеччыны. Апроч вытворчасці медыкаментаў, Мэркле валодаў таксама канцэрнам, які вырабляў будаўнічыя матэрыялы. На ягоных прадпрыемствах, агульны кошт якіх ацэньваецца ў 30 мільярдаў еўра, працуе 100 тысяч чалавек.

Мільярдэр кінуўся пад цягнік вечарам у панядзелак і загінуў імгненна, але паведамленне пра ягоную смерць з’явілася толькі праз суткі.

Сям’я, якой мільярдэр пакінуў развітальны ліст, называе прычынай самагубства магната цяжкі эканамічны стан, у якім апынуўся бізнэс Мэркле ў выніку сусветнага фінансавага крызісу.

Прычынай эканамічных цяжкасцяў Мэркле эксперты лічаць няўдалыя аперацыі з акцыямі канцэрна «Фальксваген». Запазычанасці бізнэсу Мэркле ацэньваюцца экспертамі ад 700 мільёнаў да 1 мільярда эўра.

Вядомыя палітыкі й бізнэсоўцы Нямеччыны ўжо выступілі з высокімі ацэнкамі жыцця й дзейнасці Адольфа Мэркле ды выказалі свае спачуванні яго сваякам.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0