У рэдакцыю «Рэгіянальнай газеты» звярнуліся бацькі дзяцей, якія вучацца ў гімназіі №7 і наведваюць дзіцячыя садкі №27 і №12. Бацькоў абурае, што побач з гэтымі ўстановамі збіраюцца адчыняць цэнтр часовага знаходжання людзей без пэўнага месца жыхарства. Такое суседства бацькоў не задавальняе.

Бацькі: Пасля Стоўбцаў абяцалі ўзмацніць бяспеку ў школе. Але…

— Чаму пра адкрыццё такой установы каля гімназіі і садкоў не спыталі ў бацькоў? — абураецца адна з мам. — Пасля трагедыі ў Стоўбцах абяцалі, што меры бяспекі ў школах і садках узмацняцца. А ў Маладзечне наадварот.

Цэнтр часовага знаходжання людзей без пэўнага месца жыхарства паўстане акурат паміж гімназіяй і садком.

Цэнтр часовага знаходжання людзей без пэўнага месца жыхарства паўстане акурат паміж гімназіяй і садком.

Бацькі хвалююцца: раніцай дзеці мусяць ісці ў школу ў цёмны час, а вечарам позна вяртаюцца з другой змены. А знаходжанне побач з дзецьмі людзей без пэўнага месца жыхарства, на іх думку, небяспечнае.

— Мы не супраць саміх людзей. Разумеем, што ім таксама трэба недзе жыць. Але няўжо лепшы варыянт — каля школы і садкоў? — не разумее мама.

Праваабаронцы: людзі без месца жыхарства маюць аднолькавыя з намі правы

Пракаментаваць сітуацыю з прававога пункту гледжання мы папрасілі праваабаронцаў з цэнтра «Вясна». Тут на гэта адказалі, што нічые правы не парушаюцца. Гэтыя людзі маюць такія ж правы, як і ўсе.

Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі: парушэння ў размяшчэнні ўстановы няма

Даць ацэнку такому суседству з санітарнага пункту гледжання мы папрасілі спецыялістаў Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Паводле санітарных нормаў і правілаў «Патрабаванні для ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання, якія здзяйсняюць стацыянарнае сацыяльнае абслугоўванне», парушэнняў у размяшчэнні цэнтра няма. Дакумент абавязвае размяшчаць падобныя ўстановы толькі ў селіцебных (жылых) забудовах. Таму меркаванае месца цэнтра не парушае санітарныя нормы.

Камітэт па працы і сацабароне: няўжо лепш, каб такія людзі прыйшлі ў наш пад’езд?

У бацькоў няма падстаў для панікі, лічыць старшыня камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінаблвыканкама Алег Семянчук.

— Будаваць нешта новае для цэнтра часовага знаходжання няма сэнсу. Таму Маладзечанскі райвыканкам задзейнічаў пусты будынак, — кажа ён.

Старшыня лічыць, што не варта ізаляваць людзей ад грамадства з-за таго, што яны ў сілу нейкіх абставін апынуліся на вуліцы.

Па яго словах, у цэнтр часовага ўтрымання будуць пускаць толькі цвярозых людзей. Яны змогуць пераначаваць, памыцца, атрымаць медыцынскую і псіхалагічную дапамогу.

— Няўжо бацькам будзе лепш, калі чалавек без пэўнага месца жыхарства прыйдзе да іх у пад’езд ці ляжа ­спаць у пясочніцы, дзе гуляюць іх дзеці? Цяпер дзякуючы з’яўленню цэнтра такіх выпадкаў не будзе, — падсумаваў Алег Семянчук.

Дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч абяцала вывучыць сітуацыю. Яна будзе гатова выслухаць усіх зацікаўленых на прыёме ў красавіку.

У Маладзечанскім РАУСе і тэрытарыяльным цэнтры абслугоўвання насельніцтва адказалі: «Без каментароў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?