Золатавалютныя рэзервы Беларусі (ЗВР) з пачатку 2009 году скараціліся прыкладна на 900 млн даляраў ЗША.
Пра гэта сведчаць звесткі, якія прывёў сёння на прэс‑канферэнцыі ў Мінску першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Павел Калавур.
Паводле яго словаў, з улікам міжнародных крэдытаў, «з пачатку студзеня ЗВР Беларусі скараціліся на 100 млн даляраў.

Гэта прытым, што 14 студзеня Беларусь атрымала першы транш крэдыту МВФ памерам 788 млн даляраў ЗША і атрыманыя сродкі залічаныя ў склад золатавалютных рэзерваў краіны і выкарыстоўваюцца для падтрымання курсу нацыянальнай валюты. Значыць, рэальнае скарачэнне склала каля 900 мільёнаў.

Як патлумачыў П. Калавур, цягам студзеня змены ў частцы аб’ёму ЗВР адбыліся праз тое, што гэты месяц характарызуецца зніжанай дзелавой актыўнасцю і зніжэннем паступлення валютнай выручкі. «Усё гэта накладае дадатковы попыт на валютным рынку і скарачэнне аб’ёмаў ЗВР», — зазначыў ён.

Такім чынам, адзначыў першы намеснік кіраўніка Нацбанка, з улікам міжнародных крэдытаў аб’ём ЗВР «у прынцыпе застаўся такім жа, якім быў на пачатак году».

На 1 студзеня 2009 году аб’ём ЗВР Беларусі складаў 3 млрд. 61,1 млн. даляраў супраць 4 млрд. 182,2 млн. на пачатак студзеня 2008 году.

За мінулы год міжнародныя рэзервныя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі, разлічаныя паводле стандартаў МВФ, скараціліся на 1 млрд 121,1 млн даляраў (26,8%), у тым ліку за снежань 2008 году ‑‑ на 714,3 млн. даляраў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0