Лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ узяў на сябе ініцыятыву па выпрацоўцы адзінай заявы лідэраў апазіцыі з нагоды старту «Ўсходняга партнёрства».

Івонка Сурвіла, Аляксандар Казулін, Аляксандар Мілінкевіч, Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч склалі дэлегацыю незалежнага грамадзтва Беларусі на саміце «Ўсходняга партнёрства». Упершыню за доўгі час у яе ўвайшоў Пазьняк, які доўга трымаўся асабняком на палітычным полі. Таксама гэта адзін з рэдкіх выпадкаў запрашэньня Сурвілы, якая звыйчайна заставалася па‑над бягучымі палітычнымі праблемамі.

Такім «выбарам апазыцыі» Чэхія прадэманстравала сваё бачаньне палітычнай дынамікі.
Па меры таго, як лукашэнкаўцы дыстанцыююцца ад Масквы, апазыцыя будзе таксама ўзмацняцца ў сваіх эўрапейскіх і антырасійскіх стаўленьнях.

Выбар дэлегацыі быў справакаваны і тым зваротам, з якім Сурвіла, Пазьняк, Казулін і Шушкевіч супольна выступілі 17 красавіка. У ім былі акрэсьленыя прыярытэты Беларусі ў кантэксьце «Ўсходняга партнёрства» і абрысавалася новая канфігурацыя ў апазыцыі, з удзелам дыяспары (Сурвіла) і незадаволенае наменклатуры (Казулін).

Характэрна, што ніводзін лідэр Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, што аб’ядноўваюць разнародныя палітычныя партыі, ад ліберальных да русафільскіх, у Прагу запрошаны ня быў.

Ініцыятарам перамоваў з удзелам Казуліна і Сурвілы быў Зянон Пазьняк, якога ў мінулым часта зьвінавачвалі ў палітычнай нягнуткасьці і які ў свой час трушчыў і Казуліна, і Мілінкевіча, залічаў іх у «псеўдаапазіцыю».

Чаму Пазьняк палічыў, што надышоў момант для супольнага дзеяньня?
Ён тлумачыць у інтэрвію радыё «Свабода».

«Нягледзячы ні на што, я прыехаў у Прагу, і нават узяў на сябе шмат ініцыятывы з людзьмі, якія ёсьць маімі палітычнымі апанэнтамі. Бо ёсьць інтарэсы Беларусі, якія павінны аб’ядноўваць усіх. Калі б, напрыклад, здарылася вайна, мы павінны спыніць усе спрэчкі і бараніць Бацькаўшчыну. Мы сабраліся разам, людзі розных поглядаў, і я лічу, што гэта прайшло даволі пасьпяхова. Бо

па асноўных пытаньнях – культура, ацэнка «Усходняга партнэрства», ацэнка рэжыму, неабходнасьць падключаць грамадзянскую супольнасьць ‑‑ дасягнута поўнае разуменьне.

Ёсьць шэраг пытаньняў, якія вымагалі кампрамісу. Усе мы на яго ішлі і зрабілі супольную заяву. Ёсьць людзі, які больш схільныя ісьці на кампрамісы – іншым нешта перашкаджае. Ня варта гэта асуджаць. Факт ёсьць факт, што

ў нейкіх аспэктах не ўдалося ўзяць адзін подпіс. Гэта не бяда, гэта сытуацыя на сёньня, яна разьвіваецца. Я думаю, што ў будучыні будзе дасягнута больш паразуменьня.

...Раней у многіх беларускіх палітыкаў адсутнічала разуменьне палітыкі Расеі. Маскву імкнуліся не крытыкаваць. Сама сытуацыя з Усходнім партнэрствам дала магчымасьць геапалітычнага мысьленьня ў палітыцы. І гэта вельмі важна, бо тут крыецца сэнс нашага выжываньня ў Эўропе. Таму працэс «Усходняга партнэрства» дае стымул ня толькі для разьвіцьця тых людзей, якія ўжо ўключаныя ў палітыку – ён можа ўключыць і новых людзей».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?