Падчас святкавання Дня Незалежнасці і 65‑годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў правапарадак будзе забяспечаны «на вельмі высокім узроўні».

Пра гэта 16 чэрвеня ў гутарцы з журналістамі заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Яўген Полудзень.

Паводле яго слоў, усім, хто пажадае трапіць на святочныя мерапрыемствы,

давядзецца прайсці праз стацыянарныя металадэтэктары. Грамадзяне ў стане алкагольнага ап’янення і з алкагольнымі напоямі дапускацца туды не будуць.

У перыяд правядзення святочных мерапрыемстваў міліцыя будзе несці службу ва ўзмоцненым варыянце ва ўзаемадзеянні са службамі Мінаблвыканкама і Мінгарвыканкама. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў будуць знаходзіцца на вуліцах у форме і цывільным адзенні, працаваць будуць «культурна і ветліва», падкрэсліў Полудзень.

Ён паведаміў, што перад правядзеннем святочных мерапрыемстваў будзе ажыццёўлена рэкагнасцыроўка на мясцовасці і на ўсялякі выпадак вызначаны шляхі эвакуацыі людзей. Непасрэдна перад правядзеннем мерапрыемстваў пляцоўкі абследуюць спецыялісты‑выбуховатэхнікі са службовымі сабакамі. Затым міліцыя возьме пляцоўкі пад ахову. Усё, што будзе адбывацца падчас мерапрыемстваў, будзе здымацца на відэа.

Як паведаміў Полудзень, пасля выбуху ў Мінску 4 ліпеня 2008 года органы ўнутраных спраў закупілі дастатковую колькасць сучасных перанасных металадэтэктараў. Цяпер у Мінску і абласных гарадах хапае і турнікетаў.

Рашэнне аб рэжыме гандлю спіртным 3 ліпеня будзе прымаць Мінгарвыканкам.
Аднак МУС выступае за выкананне закона аб масавых мерапрыемствах, у адпаведнасці з якім у месцах іх правядзення і ў радыусе 500 метраў гандаль алкаголем забаронены, зазначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Плануецца, што асобныя падрыхтоўчыя прафілактычныя мерапрыемствы пачнуцца за 10 дзён да свята. Міліцыя возьме на асаблівы кантроль раней судзімых грамадзян, асоб, якія маюць зброю, злоўжываюць алкаголем, знаходзяцца на ўліку ў медыцынскіх установах.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0