Ад пачатку году яна павялічылася $1,3 млрд.

Замежная дзяржзапазычанасць Беларусі на 1 чэрвеня 2009 году склала крыху больш за $5 млрд. і вырасла з пачатку году на $1,3 млрд., ці 36%, заявіў міністр фінансаў Андрэй Харкавец.

«Нягледзячы на гэта, узровень цяжару далёкі ад крытычнага. З улікам прыцягнення ў гэтым годзе крэдыту МВФ, Сусветнага банку і расійскага дзяржкрэдыту, паказчыкі эканамічнай бяспекі вонкавай запазычанасці захоўваюцца ў дапушчальных межах не толькі па нацыянальных, але і па міжнародных стандартах», — патлумачыў міністр.

Як адзначыў Андрэй Харкавец, па выніках 2009 году паказчыкі эканамічнай бяспекі складаюць: адносіны вонкавай дзяржаўнай запазычанасці да ВУП — 17,1% (парогавае значэнне паводле нацыянальнага стандарту — 20%, паводле міжнароднага — 50%); адносіны плацяжоў па пагашэнні і абслугоўванні вонкавай дзяржаўнай запазычанасці да экспарту тавараў і паслугаў — 1,7% (парогавае значэнне паводле нацыянальнага стандарту — 10%, паводле міжнароднага — 25%); плацяжы па вонкавай запазычанасці складуць каля $418,5 млн., альбо 3,8% ад даходаў бюджэту (парогавае значэнне паводле нацыянальнага стандарту — 7%, паводле міжнароднага — 10%).

У адпаведнасці з указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №264 ад 28 мая гэтага году ліміт замежнай запазычанасці на 2009 год павялічаны з $6 млрд. да $8 млрд.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0