Віталь Мілонаў. Фота «РИА Новости»
Выглядае, сваімі сіламі беларуская прапаганда з міграцыйным крызісам не спраўляецца, пачалі падцягваць неабыякавых расіян.
Віталь Мілонаў — дэпутат парламента ад «Адзінай Расіі», найбольш вядомы сваімі гамафобнымі і антызаходнімі заявамі і ініцыятывамі. Учора ён прагуляўся па лесе побач з памежным пунктам «Брузгі», расказаў журналістам на камеру, у якіх невыносных умовах тут даводзілася жыць мігрантам.
«Мы сабралі нешта, сёння перадамо, таму што бачылі зусім маленькіх дзетак, якім патрэбная дапамога. І гатовыя таксама прымаць удзел максімальна разам з беларускімі сябрамі, абмяркоўваць, як можам зрабіць жыццё гэтых людзей, якія тут аказаліся не па нашай волі, не па нашым запрашэнні, лягчэйшым», — цытуюць Мілонава «РИА Новости».
На гэтым яго экскурсія не скончылася, ён падыйшоў да калючага дроту, за якім стаялі польскія памежнікі, і звярнуўся да іх. Рыторыка была зусім іншай, мігрантаў ён ужо называў зусім інакш:
«Мігранты прыйдуць да вас з Захаду, з Германіі. Яны ўжо ўсе там.
Яны будуць есці ваш хлеб, таму што вы халяўшчыкаў гэтых запрасілі, не мы. Гэта будзе ваша бяда.
Вы сталі часткай Еўрапейскага саюза — атрымлівайце. Яны прымусяць вас адмовіцца ад Хрыста, яны вас прымусяць прызнаць *** (нецэнзурнае ў значэнні гомасэксуалаў), аднаполыя шлюбы. Яны будуць забіраць вашых дзяцей і аддаваць аднаполым сем’ям. Вы хутка станеце горшымі за апошніх сектантаў, таму што для вас вера ў Хрыста стала менш важнай, чым заробак і абавязак выконваць інструкцыі нехрысці і садамітаў з Бруселя».
Адзначым, што Польшча — адна з самых рэлігійных краін у Еўропе, уплыў каталіцкай царквы на жыццё грамадства надзвычай высокі.
Пры падтрымцы каталіцкай царквы ў Польшчы, у прыватнасці, зрабілі больш жорсткай забарону на аборты. У гэтым плане і ў Расіі, і ў Беларусі законы куды больш ліберальныя.