Апавяданьне пра тое, як яны нас змушалі глядзець «Чэсную размову», канцэрты і хакей і чым гэта для іх скончылася.

Я сядзеў у пакоі, які мы з жонкай называем заляй, у фатэлі і чытаў кнігу, калі невядома адкуль на століку, на якім у нас стаяў тэлевізар, зьявіўся маленькі, памерам з далонь, чалавек і сіплым голасам штосілы закрычаў:

– Ты чаму не глядзіш тэлевізар?

Я вылупіў вочы, кніга паляцела з рук і пляснулася на падлогу. «На табе ёсьць, здурнеў!» – падумаў пра сябе я, але не ўстрымаўся і запытаў:

– Ты хто?

– Я? Хто, хто, вядома хто, – закрычаў ён. – Азіятка-малодшы, вось хто! Уключай тэлевізар!

Ніякіх Азіяткаў, старэйшых ці малодшых, я ня ведаў, хаця, па праўдзе кажучы, недзе і некалі чуў такое прозьвішча, бо хіба мала на сьвеце Азіяткаў, і таму толькі пацепаў у адказ плячыма.

– Ты чуеш, сволач, ці не? – між тым затупаў ён ножкамі, – уключай, кажу!

Я разявіў рот. «Сволаччу» звычайна мяне называла жонка.

«Скуль ён ведае?» – падумаў я і, ня вытрымаўшы, пацікавіўся:

– А навошта?

– Як навошта? – аж задрыжэў Азіятка-малодшы, – каб паслухаць пра наша шчасьлівае жыцьцё!

– А чаму пра шчасьлівае жыцьцё трэба слухаць? – разгубіўся я. – Пра яго трэба ня слухаць, а проста мець.

– Дурань, дурань, – замахаў рукамі Азіятка-малодшы, – быў дурнем і дурнем застанесься! Гэта я буду вырашаць, што слухаць, а што мець! Я! Дык уключыш ці не?

– Не.

– Ах так, ну глядзі!

Ён ухапіўся за шнур ад відэамагнітафона, які матляўся сам па сабе, і, як цыркач па ліне, спусьціўся на падлогу, адкуль, пагразіўшы мне кулаком: «Я табе!» – кінуўся да канапы. На канапе ляжаў пульт ад тэлевізара, і пакуль да мяне дайшло, што яму патрэбна, ён ужо быў каля яго. «Вось зараз я!» – выцягнуў ён у другі раз кулак і ўскочыў на кнопку. Тут жа загарэўся экран.

– Празь пяць гадоў ня меней як па пяцьсот даляраў... – сказаў чалавек у тэлевізары і, зрабіўшы тэатральную паўзу, дадаў: – кожнаму!

Я яго адразу пазнаў, гэта быў Азіятка-старэйшы.

– Ах ты так, так, падла, ну глядзі, глядзі, пашкадуеш! – залямантаваў ён, пасьля таго, як, пстрыкнуўшы пальцам, я зьбіў яго з пульта.

– Вой, не забалела? – занепакоіўся я.

– Нічога, пасьмяесься, пачакай, – заскрыгатаў ён ад злосьці зубамі, затым скаціўся і зьнік пад канапай.

Я падняў з падлогі кнігу і паклаў яе на месца ў шафу.

Азіятка-старэйшы тым часам да таго разышоўся, што наабяцаў, не параіўшыся зь сім-тым, падумаць, і, калі будзем добра сябе паводзіць і слухацца, не па пяцьсот даляраў, а чорт яго ведае – мо і па пяцьсот пяцьдзясят. Але добра сябе паводзіць і слухацца нават і за невядома што я не хацеў. Вось чаму, выключыўшы тэлевізар, пайшоў спачатку ў кухню, дзе наліў сабе з прыхаванай бутэлькі чарку каньяку. Калі стукнула па галаве, зь якой адразу вылецелі Азіяткі, я завярнуў у спальню, лёг на ложак, заплюшчыў вочы і заснуў.

Разбудзілі мяне галасы з залі, адзін зь якіх – яго цяжка было зблытаць зь іншымі – належаў Азіятку-старэйшаму, а другі – невядомай жанчыне.

– Яшчэ было цёмна, калі з варот мэханізаванага двара выйшлі пяць трактароў, якія, стоячы на ганку канторы, строгім, але справядлівым позіркам правёў у дарогу спэцыяліст па ідэалягічнай працы Кандрат Яўхімавіч Сілівончык, – шчыра захапляючыся, апавядаў Азіятка-старэйшы. Незнаёмая жанчына зьнянацку, без усялякай сувязі, перабівала яго:

– Гэта ня проста кладзеж ведаў, частка інтэлектуальнага скарбу чалавецтва, а таксама і культурна-аздараўленчы комплекс. Тут, за дзьвярыма, сярод штабялёў кніг і падшывак «Советской Белоруссии», налева, да прыкладу, казіно, направа – лазьня з масажысткамі, а недзе над галавою, пад дахам, так высока, што замірае дух і займае дыханьне, – трамплін.

– Назаўтра, нягледзячы на залеву, выехалі сем трактароў, і Сілівончык, памахаўшы ім насоўкай з вакна канторы, сказаў: «Яны справяцца!» – і так, справіліся, ёсьць сто сорак гектараў! – не здаваўся Азіятка-старэйшы. Але зноў нахабна лезла жанчына:

– І вось ужо равуць бульдозэры, цераз навалы, па кабіну ў гразі паўзуць самазвалы, недзе грукаюць малаткі і вішчыць піла – гэта пачалося будаўніцтва яшчэ аднаго найунікальнейшага помніка нашай эпохі, а менавіта – мастацка-спартовай галерэі сьпіралепадобнай формы, у якой, паводле задумы праектоўшчыкаў, наведнікі, стаўшы на ролікавыя лыжы...

«Гэта Азіятка-малодшы», – падумаў я і, сунуўшы ногі ў тапкі, ціхенька выйшаў у калідор. Дзьверы ў залю былі расчыненыя. Азіятка-старэйшы, зноў перахапіўшы ініцыятыву, надрываўся на палях, сеючы зь Сілівончыкам яравыя, а малодшы валтузіў на канапе каля пульта такую ж маленькую, як і сам, жанчыну.

– Не чапай, кажу, не чапай! – заламваў ён ёй руку, седзячы ў яе на сьпіне.

– Адпусьці, баліць, – хрыпела яна, дрыгаючы маленькімі нагамі.

– А будзеш лезьці, будзеш? – дапытваў ён, націскаючы мацней.

– Мярзотнік, паскуда, пусьці! – задыхаючыся, не здавалася яна, і не дарма, бо нечакана, падцягнуўшы пад сябе ногі, неяк вывернулася і, ня доўга думаючы, цапнула зубамі Азіятку-малодшага.

– У-у, курва! – завыў ён і, ускочыўшы на ногі, ухапіўся за пакусаны бок.

– Во табе яшчэ! – засіпела яна і ўлупіла яму кулаком у вуха.

Азіятка-малодшы кінуў бок і ўхапіўся за вуха, а яна, глынуўшы паветра, скочыла на пульт. Так і не пасьпеўшы адсеяцца, Азіятка-старэйшы зьнік, а яго месца заняла вельмі прыгожая, векам каля трыццаткі, вядучая.

– Вы глядзелі «Яго навіны», – сказала яна. – Сёньня, як і заўсёды, з вамі была...

Я аслупянеў і, хто быў сёньня, як і заўсёды, з намі, не пачуў: маленькая кабета на пульце была вылітая прыгажуня з тэлевізара.

– Паглядзі, вось ён! – кінуўшы сваё вуха і тыцкаючы ў мяне пальцам, сказаў Азіятка-малодшы.

– Фі, які брыдкі, няголены, – скрывілася яна.

– П’яніца, – сказаў ён.

– Ага, сіняк, адразу відаць, – хітнула яна.

– Ня хоча слухаць пра наша шчасьлівае жыцьцё, – намовіў ён.

– Што ты кажаш! – пляснула яна рукамі. – Во гад!

– Хутчэй, вораг народу, зьбіў мяне, – паскардзіўся ён.

– Ад такога можна чакаць чаго заўгодна! – згадзілася яна.

І тут яны мелі рацыю, бо, прыкінуўшы на вока, траплю ці не, я ўхапіў з нагі тапаць і шпульнуў ім, цаляючы ў пульт.

– Бандыт! – закрычаў Азіятка-малодшы і кінуўся пад канапу.

– Ратуйце! АМОН! – загаласіла яна і сіганула ўсьлед.

– Я вам дам АМОН, – раззлаваўся я і як быў, бяз тапця, пабег на балькон за ліхтаром і венікам.

Праз паўхвіліны, ня больш, пляснуўшыся на жывот, я засьвяціў пад канапу, але ні Азіяткі-малодшага, ні яго малюпасенькай сяброўкі там ужо не было.

Потым, здаецца, я нешта пісаў, седзячы за сталом у кухні, прыхапіўшы з сабой пульт ад тэлевізара. Здаецца. Бо, калі затэлефанавала жонка, каб запытаць, што робіць Уладзік, азірнуўшыся, адказаў, што ня ведаю.

– Ты што, у гарачцы? – пачуў я ў слухаўцы, – паглядзі на гадзіньнік!

Я паглядзеў, было шэсьць гадзінаў. Давялося ляцець у дзіцячы садок і потым вяртацца з малым на руках, бо, як і на палях, ішоў дождж. Але больш тым вечарам ні Азіяткаў, ні прыгажунь з тэлевізара я ня бачыў, і толькі калі жонка ўклала Ўладзіка спаць, пачуў ад яе такія словы:

– Ты ведаеш, ну і выдумшчык у нас расьце!

– А што?

– Кажа, бачыў нейкіх маленькіх чалавечкаў.

– Дзе?

– У залі, калі гуляў са сваімі машынкамі.

– Ня можа быць!

– Чаму, хіба ня твой сын?

«Мой, – падумаў я, – але дзе яму такое выдумаць!»

Мы пасядзелі яшчэ ўдваіх і пайшлі спаць.

Разбудзіла мяне жонка. Быў шэры ранак, субота.

– Прачніся, чуеш, прачніся, – трасла яна мяне за плячо.

Я разьляпіў павекі.

– Што?

– Ідзі паглядзі!

Адразу заныла сэрца.

«Азіятка, – падумаў я, – нешта вычаўпіў!»

І вядома, гэта быў ён, бо проста вывернуць з шафы на падлогу кнігі было мала, тут жа ў кучы валяліся таксама выдраныя і пакамечаныя з кніг старонкі.

– Я ведаю, – сказаў я жонцы, – хто гэта зрабіў, але ты не паверыш.

– Чаму? – спытала яна.

– Бо гэта неверагодна.

– А ты паспрабуй.

– Добра, – згадзіўся я. – Памятаеш, учора Ўладзік казаў, што бачыў маленькіх чалавечкаў?

– Ну?! – насьцярожылася яна.

– Гэта яны, – сказаў я.

– Ты што, мяне за дурніцу маеш? – пырснула яна сьлязьмі й выйшла.

Я ўздыхнуў і, стаўшы на калені, пачаў зьбіраць кнігі, укладваючы па магчымасьці выдраныя старонкі на месца.

– А я ж цябе папярэджваў, папярэджваў, жывёла ты гэтакая, ці не? – нечакана пачуў я за сьпінаю ўжо добра знаёмы сіплы голас.

Я адвярнуўся. Азіятка-малодшы, маленькая прыгажуня і яшчэ адзін, увесь нейкі белы, ад валасоў на галаве да вусікаў пад носам, стаялі на століку каля тэлевізара.

– Чаго маўчыш? – нецярпліва тупнуў ножкай Азіятка-малодшы.

– Глядзеце, зараз заплача, – ухмыльнулася маленькая прыгажуня.

– Што, і «Чэсную размову» не глядзіць? – вельмі зьдзіўлена, нібыта ня верачы, што гэта магчыма, спытаў бялявы тып.

– Не, не глядзіць, – пагардліва адказаў Казіятка-малодшы і патлумачыў: – Яму няма калі, ён кніжкі чытае. – А потым як гаркнуў: – Дзе схаваў пульт, пульт, кажу, нясі, паразыт!

Я кіўнуў, маўляў, ужо лячу, і ўскочыў з каленяў. У гэты момант яны і зьніклі, і ні за тэлевізарам, які я пераставіў на падлогу, ні за столікам, які адцягнуў ад сьцяны, – нідзе іх не было.

Я нічога не разумеў, але што яны яшчэ сябе пакажуць, ведаў напэўна.

Пасьля абеду мы пайшлі да сяброў на Дзень народзінаў і не забавіліся позна толькі таму, што, нагуляўшыся, занатурыўся Ўладзік. Ужо калі падымаліся ў ліфце, я ўзяў яго на рукі. Жонка адчыніла дзьверы, мы пераступілі парог і абамлелі. У залі працаваў тэлевізар.

– Я ж яго, як адыходзілі, выключала! – шэптам сказала яна.

– А я аднёс пульт у спальню, – пацьвердзіў я.

– Мама прыехала? – зрабіла здагадку яна.

– Не, – запярэчыў я, – яна б папярэдзіла.

– Ну ня злодзей жа гэта глядзіць тэлевізар? – зьбянтэжана спыталася яна.

– Не, – адказаў я, – горай, гэта Азіятка-малодшы.

– Які Азіятка-малодшы?

– Зараз убачыш, – я апусьціў Уладзіка на падлогу. – Хадзем.

Яны сядзелі на канапе кружком і грызьлі, цягаючы з надарванага пачка, чыпсы, каля канапы валяўся пульт.

    Бяры, бяры, бяры,

    Усё тваё, тваё

    Тваё, тваё, тваё,

    Усё, усё, усё...

– пішчэла ў тэлевізары размаляваная, напаўголая дзявуля, падкідаючы ўгару ногі, напэўна, каб лепш было бачна, дзе і за што браць у першую чаргу.

– А, во, прыпёрліся, – сурова сказаў Азіятка-малодшы, заўважыўшы нас у дзьвярох. – Швэндаюцца невядома дзе, замест каб тэлевізар глядзець.

– Ага, такі канцэрт прапусьцілі, – зашкадавала маленькая прыгажуня.

– За бацьку! За бацьку! – дзіка завыў ужо немаладога веку сівы, барадаты мужчына і, ня маючы моцы ўстрымацца, пайшоў па канапе ўпрысядку.

Жонка зьбялела, Уладзік ступіў крок назад.

    Толькі ён, ён, ён,

    У сэрцы маём!

– ускочыла за барадатым тая самая, што і ў тэлевізары, толькі маленькая дзявуля.

– Я зараз упаду, – ціха паведаміла жонка.

Уладзік высалапіў язык.

– Але яшчэ будзе «Чэсная размова», – уступіў у гаворку бялявы тып і, зрабіўшы хмуры твар, строга дадаў: – «Чэсную размову» глядзець мне абавязкова, бо...

– Не, спачатку хай даглядзяць канцэрт, – перабіла яго яшчэ адна сьпявачка, таксама, як і першая, размаляваная і без адзеньня, і, улупіўшы нешта, чаго разабраць не было аніякай рады, акрамя слоў: «...рабі...твая... я... як я...» – вылецела з кружка.

«Зараз будзе падкідаць ногі», – падумаў я, але памыліўся, бо, выкрыкнуўшы ў апошні раз «як я!», адвярнулася і затрэсла голым задам.

– О, Божа, – застагнала жонка.

Уладзік хіхікнуў і засунуў палец у нос.

– Стаяць! – раптам раздалося недзе каля ног.

Жонка ўхапілася за вушак. Уладзік дастаў з носу палец і схаваў руку за сьпіну. Я паглядзеў долу. Маленькі, тоўсты, як калабок, чалавек, упіраючыся абедзьвюма рукамі, перакуліў цераз парожак бутэльку да канапы, абярнуўся, выцер з лобу рукавом пот і сказаў:

– Яшчэ наперадзе хакей. Ты будзеш глядзець хакей, га? Цябе пытаюся. Адказваць мне, адказваць, кажу, морда!

Я паглядзеў на жонку, якая сядзела на падлозе, на Ўладзіка, у вочках якога стаялі сьлёзы, і, кінуўшыся, схапіў тэлевізар.

– Што робіш, што робіш, гад?! – па-зьверску зароў Азіятка-малодшы.

– Трымай яго, трымай! – заекатала маленькая прыгажуня.

– Стаяць! – зароў таўстун.

Але было позна. З калідору, піхнуўшы нагою незачыненыя дзьверы, я павярнуў у сьмецьцеправод і, кінуўшы, ня ведаю, недзе ў кут тэлевізар, пабег назад.

Першым мы злавілі бялявага, які хаваўся пад канапай. Я падцягнуў яго венікам да сябе і схапіў за нагу.

– Вы ня маеце права, гэта самавольства, я буду скардзіцца ў ААН, будзеце адказваць, – матляючыся ў мяне паміж пальцамі, успомніў ён раптам аб правох, хоць і маленькага, але чалавека. Жонка стаяла побач з парожнім слоікам з-пад кампоту ў рукох. Я кінуў у слоік бялявага і павярнуў накрыўку з загадзя зробленымі для паветра дзірачкамі. Затым у куце мы ўгледзелі абедзьвюх дзявуль: яны ціснуліся адна да другой, плакалі, бажыліся, што вось-вось пойдуць замуж за бізнэсоўцаў і больш ня будуць.

Барадатага певуна давялося высмоктваць з-пад кніжнай шафы пыласосам.

– Пакутую за бацьку! – заявіў ён, але, апынуўшыся на дне слоіка, адразу пачаў ціскаць дзявуль.

Маленькую прыгажуню заўважыў Уладзік, калі яна бегла калідорам да вешалкі, каб схавацца ў адзеньні. Яна, у адрозьненьне ад дзявуль, не скуголіла, а наадварот, так напрасткі, не саромеючыся, паведаміла, што яе муж і тры ці чатыры (яна ўжо ня памятала дакладна) каханкі – бандыты і са мною пагавораць зблізку.

Таўстуна ж, вядома, знайшлі на кухні, у лядоўні, але як ён туды залез – і да гэтай пары невядома. Калоцячыся ад страху, ён еў сасіску, а калі я паманіў пальцам, раптам ні з пушчы ні з поля закрычэў:

– Клюшка і лыжы – браты навек!

– Добра, хай сабе, ідзі, – папрасіў я.

Ён неяк сумна паглядзеў на мяне, уздыхнуў і, ускінуўшы, як бервяно, на плечы недаедзеную сасіску, ступіў насустрач лёсу.

І толькі Азіятка-малодшы прапаў як у ваду ўпаў. Але ноччу, калі, стаміўшыся шукаць, мы паляглі спаць, выявіўся і ён.

Уладзік спаў з намі, у спальні, на сваім ложку, бо заставацца ў адзіноце яшчэ баяўся, як раптам, праз сон, я пачуў яго крык.

– Мама, мама!

Я падхапіўся і запаліў сьвятло. Уладзік сядзеў на падушцы, падабраўшы пад сябе ногі, а Азіятка-малодшы імчаў да дзьвярэй у калідор. Тут, зьляцеўшы з ложка, я яго і схапіў і, не зьвяртаючы ўвагі на зубы, якімі ён упіўся мне ў руку, пайшоў спачатку на кухню, за слоікам, а потым у прыбіральню.

– І табе не шкада? – спытала жонка, стоячы ў мяне за сьпінай.

– Шкада, але ж трэба нарэшце нешта рабіць, – адказаў я, націскаючы на рычажок унітаза.

Рынула вада, дала фантанам, завіравала і паляцела ў сьцёкавую трубу.

– А тэлевізар? – задала пытаньне жонка.

– Абыдземся пакуль, нічога, – сказаў я і сунуў ёй у рукі пусты слоік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0