Лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч павіншаваў Ангелу Меркель з перамогай партыі ХДС/ХСС на парламенцкіх выбарах у Нямеччыне.
«Нямеччына − вядучая краіна ў аб’яднанай Еўропе − разглядаецца беларускімі праеўрапейскімі сіламі як асноўны партнёр у збліжэнні Беларусі і Еўразвяза і ў пашырэнні каштоўнасцяў еўрапейскай інтэграцыі сярод беларусаў. Мы высока цэнім падтрымку, што аказваюць Нямеччына і партыя ХДС беларускай грамадзянскай супольнасці. Мы перакананыя, што наша супрацоўніцтва, пабудаванае на каштоўнасцях свабоды і правоў чалавека, працягнецца дзеля ліквідацыі аўтарытарызму і ліній, што дзеляць Еўропу, і забяспечыць вяртанне Беларусі ў еўрапейскую сям’ю дэмакратычных народаў», − гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Мілінкевіча.
Паводле звестак на 5 гадзінаў раніцы за блок ХДС/ХСС прагаласавалі 33,8% выбарцаў.
У выніку кансерватары могуць разлічваць на 239 месцаў у новым бундэстагу.
Свабодная дэмакратычная партыя Нямеччыны на чале з Гвіда Вэстэрвэле атрымала 14,6%. Лібэралы могуць атрымаць у бундэстагу 93 месцы.
ХДС/ХСС і СвДП у стане сфармаваць «чорна‑жоўты» кааліцыйны ўрад.
За Сацыял‑дэмакратычную партыю Нямеччыны аддалі свае галасы 23% выбарцаў. Ад яе на пасаду канцлера кандыдаваў кіраўнік Міністэрства замежных спраў Франк‑Вальтэр Штайнмайер.