Урыўкі са стэнаграмы слова патрыярха Маскоўскага і Ўсяе Русі Кірылы ў Палацы рэспублікі ў часе сустрэчы з грамадскасцю. Ніколі раней ніводзін патрыярх Маскоўскі не звяртаў столькі ўвагі на беларускую культуру. У той жа час свяцейшы госць цвёрда абсёк Аляксандра Лукашэнку: Беларусь не мост між Усходам і Захадам, а частка Русі. І выказаў поўную палітычную падтрымку адміраючаму саюзу Беларусі і Расіі. Гаворачы пра каштоўнасці, ён адкінуў вартасць поспеху любым коштам і дабрабыту па-над усё. З трыбуны лукашэнкаўскага палацу гаварыў новы расійскі Нікан — патрыярх, які ўладарна ўмешваецца ў палітыку і ставіць сябе па-над дзяржаўнымі ўладамі. Расейскае праваслаўе ўваскрэсла па савецкім патаптанні, пятроўскім паніжэнні.

* * *

«На балконе гэтай залы знаходзіцца цудоўны банер, дзе напісана: «За моцную і квітнеючую Беларусь». Дазвольце мне далучыцца да гэтага лозунга — не як замежніку, не як чалавеку, які прыехаў аднекуль, а як чалавеку, для якога лёс Беларусі значыць не менш, чым лёс Расіі ці лёс Украіны. Таму што Патрыярх, узначальваючы ўсю духоўную спадчыну Кіеўскай Русі, мае непасрэднае дачыненне да жыцця кожнага народу.

* * *

Як важна, каб Царква ніколі і ні пры якіх абставінах не атаесамляла сябе з уладай, сілай, магутнасцю, але мела магчымасць пакорліва і спакойна сведчыць аб праўдзе Божай,
якая, дакранаючыся да чалавечай свядомасці, развяртае асобу ў бок вечных, Божых каштоўнасцяў. І тады не будуць страшныя ніякія глабалізацыі, ніякі ўплыў звонку, калі ў людзей захаваецца гэтая здольнасць разварочвацца насустрач Божаму дыханню, дыханню Боскай любові.

* * *

Беларусь размешчана паміж Расіяй і заходнім светам і з’яўляецца часткай праваслаўнай цывілізацыі.

Беларусь — гэта ніякі не мост, ніякі не шлюз. Разважаючы іначай, можна дайсці да таго, што масты і шлюзы будуць усходней Смаленска.

* * *

Дазвольце працытаваць цудоўныя словы беларускага паэта Максіма Багдановіча: «Рупная пчала ўмее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак». Такі лёс Беларусі. І з горкіх кветак, з горкіх зёлак – гэтых канфліктаў міждзяржаўных, міжцывілізацыйных — народ, натхнёны Царквой сваёй, арыентаваны на сапраўдную сістэму каштоўнасцей, умеў збіраць мёд.

* * *

Беларусь не мае багатых мінеральных рэсурсаў, тут не існуе татальнай сістэмы падаткаабкладання насельніцтва, краіна будуе свой грамадскі і эканамічны ўнёсак, грунтуючыся на працавітасці, працоўнай культуры і свабодным волевыяўленні беларусаў, усіх вас — працаўнікоў гэтай зямлі. Пры гэтым, нягледзячы на вонкавую крытыку, з якой вы ўсе знаёмыя і я знаёмы, у краіне існуе высокая ступень грамадскай згоды.

* * *

Цудоўны ўнёсак у сферу народнай асветы беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны. Бо дзякуючы ягоным намаганням беларусы аднымі з першых у Еўропе, яшчэ ў 1517 — 1519 гадах, атрымалі сваю друкаваную Біблію.

* * *

Беларусы, адзін з самых міралюбных народаў Еўропы, з мяккім сэрцам, добрай усмешкай, з здольнасцю не адказваць злом на зло, выявілі несакрушальную стойкасць падчас жудасных выпрабаванняў, што выпалі на іх долю. Толькі XX стагоддзе азначылася нямецкай акупацыяй падчас Першай і Другой сусветных войнаў, палітычнымі рэпрэсіямі сталінскай эпохі, адначасова з імі паланізацыяй Заходняй Беларусі.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя ўсяму свету сталі вядомыя назвы, дагэтуль непрыкметныя на беларускай зямлі. Я маю на ўвазе ўрочышча Курапаты пад Мінскам, дзе багаборчымі ўладамі былі бязвінна расстраляныя дзесяткі тысяч людзей, і Хатынь, што сімвалізуе 136 беларускіх вёсак, спаленых нацыстамі
і іх памагатымі разам з жыхарамі.

* * *

Трагічную гісторыю XX стагоддзя дапоўнілі катастрафічныя рэаліі пачатку 1990‑х гадоў. Распад СССР не толькі дэстабілізаваў сацыяльна‑эканамічнае і палітычнае жыццё ўваходзячых у яго рэспублік, але і ледзь не стаў прычынай узнікнення варажнечы паміж братнімі славянскімі народамі. Аднак кіраўнікам Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь удалося выправіць сітуацыю і прыняць лёсавызначальнае рашэнне пра стварэнне саюза дзвюх дзяржаў.

* * *

І сёння мне хацелася б заклікаць усіх палітыкаў і ўсе нашыя эліты і ў Расіі, і ў Беларусі: даражыце гэтым саюзам, створаным у згодзе з народнай воляй, з нашай згодай, які бласлаўляецца Праваслаўнай Царквой! Памятайце пра тое, што ніякія меркаванні дробязнай палітычнай і эканамічнай выгады не могуць быць пастаўленыя побач з нашай векавой і супольнай гісторыяй і нашай супольнай будучыняй. Пры гэтым мы павінны цудоўна разумець, што існуюць суверэнітэты дзяржаў, мы павінны паважаць суверэнітэт кожнай з рэспублік былога Саюза.

* * *

Гісторыя Расіі і Беларусі памятае палемічныя трактаты Сімяона Полацкага, накіраваныя супраць упадку нораваў і перажыткаў паганства ў народзе. Ягоныя заклікі сёння нагадваюць нам пра важнасць гістарычнай пераемнасці ва ўзаемадзеянні Царквы, дзяржавы і грамадства.

...

Важная вобласць гэтага партнёрства — клопат пра духоўнае здароўе людзей, пра маральную сілу народа. Неабходна памятаць, што стабільным і перспектыўным можа быць толькі тое грамадства, у якім хвароба называецца хваробай і падлягае лекаванню, а здароўе называецца здароўем і павінна выклікаць у людзей жаданне пераймаць, таксама быць здаровым. У грамадстве, якое белае называе чорным, а хворага паказвае на рэкламных шчытах як узор для пераймання, будучыня асобы і народу аказваецца пад пагрозай.

...

Мы не можам не заўважаць таго, што ва ўсім у свеце адбываюцца спробы змяніць чалавечую свядомасць.

Паняцце паспяховасці, папулярнае ў моладзевым асяродку, выкарыстоўваецца нядобрасумленнымі людзьмі для прыкрыцця сваіх эканамічных і палітычных інтарэсаў. Калі б папярэднія пакаленні беларусаў былі паспяховымі ў сучасным, скажоным сэнсе гэтага слова, то хто ведае, ці знайшліся б у беларускага народу сілы адужаць усе гэтыя гістарычныя выпрабаванні, ці захавалася б Беларусь?

Рост дабрабыту, навукова‑тэхнічны прагрэс не вядуць аўтаматычна да выжывання і росквіту народа. Гісторыя нашых братэрскіх краінаў сведчыць, што поспех у сапраўдным разуменні непадзельны з паняццем сумлення, салідарнасці, братэрства і ахвярнасці. Не можа быць паспяховым чалавек, які дасягае чагосьці коштам паламаных лёсаў іншых людзей. Нельга ісці да дасягнення мэты па трупах або жорстка расштурхоўваючы канкурэнтаў локцямі.

* * *

Грамадства жыццяздольнае толькі тады, калі мы ўмеем з іншымі падзяляць свае рэсурсы і калі мы здольныя абмяжоўваць сябе з тым, каб увесь грамадскі арганізм функцыянаваў паспяхова. Без такога самаабмежавання і ўліку інтарэсаў бліжняга развіццё добрых адносінаў паміж людзьмі немажлівае
. Самы яскравы прыклад – сям’я. Калі муж перастае сябе абмяжоўваць, стрымліваць і самадысцыплінаваць у імя жонкі і дзяцей, што тады адбываецца? Калі раптам жонка губляе здольнасць да самадысцыпліны і абмежавання сябе ў імя сваёй сям’і, сям’я разбураецца. Гэтаксама разбураецца і грамадства, гэтаксама разбураецца і дзяржава. Але мы можам пайсці далей і перанесці гэты прынцып на міжнародныя адносіны. Я ўпэўнены, што падобны прынцып павінен ляжаць у аснову дыялогу і супрацоўніцтва братэрскіх дзяржаваў. Не можа квітнець адна братэрская дзяржава, калі пакутуе іншая. Сістэма салідарнасці павінна быць не толькі дыпламатычным жаргонам, але рэальнасцю, уключанай у палітыку.

У сямідзясятыя гады XX ст. Васіль Быкаў падкрэсліваў: «І цяпер нам патрэбныя прынцыповасць, вернасць ідэалам, самаадданасць, — гэта і цяпер вызначае нашу маральнасць, як у гады вайны жывіла гераізм». Сёння, на золку трэцяга тысячагоддзя, нам неабходна застацца вернымі духу сяброўства і ўзаемнай любові, сумленна працаваць і захаваць гатовасць у любы момант пайсці на подзвіг. Веру: менавіта такія імкненні дапамогуць народу Беларусі і ўсім братэрскім народам у новым стагоддзі рашуча і вольна ісці сваім шляхам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?